Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паленава́цца, ‑лянуюся, ‑лянуешся, ‑лянуецца; зак.

1. Не зрабіць чаго‑н. з-за ляноты. Нартыш хацеў закурыць, але перадумаў, паленаваўся выходзіць у халодную кухню. Няхай. — Я сёння нібы прадчувала, што вы зойдзеце, і таму не паленавалася прыгатаваць наш агульны ласунак. Вось ваша талерка. Паслядовіч.

2. Ленавацца некаторы час. [Лёня] грозна зірнуў на Валодзю і Алеся, якія любілі паленавацца і пры зручным выпадку стараліся пазбавіцца ад любой работы. Ваданосаў.

пале́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. паліць (у 2, 3 знач.).

пале́нне 2, ‑я, н., зб.

Палены. На дварэ — паленне, цёскі, Куча сметніку ляжыць. Колас. [Саўчанка] усміхнуўся, паправіў палкай паленне ў печцы. Шамякін.

пале́нца, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да палена.

па́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паліць ​1 (у 2 знач.).

2. у знач. прым. Абпалены. Паленая вапна. □ У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну. Бядуля.

3. у знач. прым. Які апаліўся, падгарэў. Запахла паленай збажыной, полымя абняла палову палёгка, пакідаючы чорныя прагаліны. Гурскі. Ад гарачыні з буракоў пацёк на цэглу сок, і ў хаце доўга пахла паленым цукрам. Пальчэўскі. / у знач. наз. па́ленае, ‑ага, н. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Караткевіч.

палео́граф, ‑а, м.

Спецыяліст па палеаграфіі; даследчык старажытных рукапісаў.

пале́пшанне, ‑я, н.

Тое, што і паляпшэнне. [Страмілін:] Я прапаную падтрымаць таварыша Гусаковіча і ўзяцца за палепшанне канструкцыі. Крапіва.

пале́пшаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад палепшыць.

2. у знач. прым. Лепшы па якасці, па сваіх уласцівасцях. Палепшаная парода хатніх жывёл.

пале́пшаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Стаць лепшым. [Дзед:] — Паедзеш сёння са мною на Рудаівец. Надвор’е, здаецца, надоўга палепшала. Даніленка. // безас. Стала, зрабілася лепш. Старой, відаць, палепшала, яна пра нешта пачала гаварыць з хлопцамі і ўсміхацца. Парахневіч. [Домна:] — Ідзіце, можа, чаю напіцеся з дарогі?.. А там я вам пасцель пасцялю, адаспіцеся. Заўтра можа на дварэ палепшае. Лобан.

пале́пшыцца, ‑шыцца; зак.

Стаць лепшым па якасці, уласцівасцях. Цяпер брыгадзіру хацелася толькі аднаго: каб хутчэй палепшылася надвор’е, каб хутчэй адышла непагадзь. Кавалёў. Якасць прадукцыі значна палепшылася. «Звязда».

пале́пшыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Зрабіць лепшым па якасці, уласцівасцях. Палепшыць якасць прадукцыі. Палепшыць канструкцыю машыны. Палепшыць настрой. □ — Мы пераконваем вас ісці ў калгас таму, што няма іншага шляху ў селяніна, каб палепшыць сваё жыццё. Галавач. — Ёсць у мяне такія-сякія задумы, як палепшыць работу цэха, — Булай загаварыў ужо спакойным дзелавым тонам. Шыцік.