паледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць халодным як лёд. Рукі паледзянелі.
пале́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Праводзіць час лежачы; ляжаць час ад часу. Палежваць на печы. □ «Масквічык» гэты быў ужо не новы, ды і ездзіў Якаў не з асаблівай асцярогай, таму даводзілася палежваць пад рысорамі. Кулакоўскі.
пале́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; пр. палез, ‑лезла; заг. палезь; зак.
Пачаць лезці. Адзін за адным палезлі.. [людзі] на шырокі дуб. Маўр. Юзік палез за пазуху і выняў запалкі. Колас. Толькі ў верасні, калі прайшлі спорныя дажджы, так і палезлі з зямлі і рыжыкі, і казлякі. Шахавец.
•••
Вочы на лоб палезлі гл. вока.
палемізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак.
Весці палеміку; спрачацца, пярэчыць. Вера некалькі разоў лавіла сябе на тым, што не згаджаецца з Рамірам і ў той жа час не хоча з ім палемізаваць. Асіпенка.
пале́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.
Спрэчка ў друку, на дыспуце, сходзе пры абмеркаванні якіх‑н. пытанняў (навуковых, палітычных і пад.). Вострая палеміка. Весці палеміку. □ У некаторых творах Глебкі пачатку 30‑х гадоў узмацняецца адкрытая палеміка з прыхільнікамі абстрактнай рамантыкі. Гіст. бел. сав. літ. У арыгінальнай «Гісторыі вёскі Пількаўшчына» [М. Танка] за тонкай іроніяй праглядвае палеміка з вульгарызатарамі айчыннай гісторыі. Рагойша.
[Ад грэч. polemikos — варожы.]
палемі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто ўмее або любіць палемізаваць.
палемі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да палеміст.
палемі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць палемічнага. Вострая палемічнасць ляжыць у аснове верша [М. Танка] «З хронікі». Рагойша.
палемі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палемікі. // Уласцівы, характэрны для палемікі. Палемічны тон. □ Патрыятызм паэта набіраў палемічнага задзёру, перарастаў у страсць, у свядомую ідэю ўсяго жыцця паэта, усёй яго творчасці. Лойка.
2. Які заключае ў сабе палеміку. Палемічная літаратура.
пале́на, ‑а, н.
Адпілаваны або адпілаваны і рассечаны кавалак ствала дрэва на паліва. Нічыпар падкінуў у вогнішча сухое палена, падгроб сук[о]м вуголле. Астапенка. Яе пытаючыся, .. [Уладзімір] узяў з рук у.. [Волькі] сякеру і пачаў гваздаць палена за паленам. Скрыган. // Разм. Кавалак бервяна; калодка (у 1 знач.). У сонечныя дні стары Гарась, выбраўшыся з хаціны, вобмацкам апускаўся на палена пад стромкім дубам. Ракітны.