па́ства 1, ‑ы, ж., зб.
Веруючыя якой‑н. царквы; парафіяне. [Ксёндз] вялікі мастак на тое, каб стварыць адпаведны настрой у сва[ёй] паствы, каб потым выігрываць на яе струнах патрэбныя яму мелодыі. Колас.
па́ства 2, ‑ы, ж.
Абл. Пасьба. Ззаду стаім, маладзейшыя, — Усе басанож, Так, як вярнуліся з паствы. Танк.
па́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для лоўлі звяроў і птушак. Давялося Нупрэю хадзіць у лес, ставіць пасткі на барсукоў. Жычка. Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаецца з ёю. Якімовіч. // перан. Месца, адкуль нельга выйсці, якое не мае выхаду; бязвыхаднае становішча. Самы апошні воўк зрабіў некалькі кругоў у сярэдзіне натоўпу, стараючыся выбіцца з гэтай жывой пасткі. Чорны. Мост адразу не пабудуеш, а вузкія палявыя дарогі, залітыя веснавою вадою, ператварыліся ў пасткі для кожнай машыны. Грахоўскі.
2. перан. Хітры манеўр, прыём для заманьвання праціўніка ў небяспечнае становішча. «Што гэта: хітрасць нейкая, пастка?» — пытаў самога сябе Лабановіч. Колас. Ён .. выступаў на сходах і мітынгах, заўсёды шчасліва ўнікаючы пастак меншавіцкай ахранкі. Самуйлёнак.
3. Нечаканая небяспека, засада. [Слуцкаму] здавалася, што за кожным кустом, за кожным дрэвам яму нарыхтавана пастка. Паслядовіч.
пасто́й, ‑ю, м.
1. Раскватараванне, стаянка воінскіх часцей у прыватных дамах. Буцянёў-Храбтовіч звярнуўся з просьбай да губернатара прыслаць на пастой у маёнтках эскадрон драгунаў. Колас. Яшчэ памят[а]ю — у нашай старой хаце на пастоі стаялі два чырвонаармейцы і камандзір Валюжэніц. Сабаленка.
2. Начлег, часовае пражыванне ў нанятым памяшканні. Астатнія гаспадыні, да якіх ставілі на пастой студэнтаў, не спрачаліся, як Хадося. Навуменка.
3. Прыпынак для сну, адпачынку, начны адпачынак. Сплылі тыя воды, што помняць, як тут, ля рэчкі, спыніўся на пастой нямецкі абоз. Адамчык. Увечары, калі стомлены статак брыў па вуліцы на пастой, прыціхшае было наваколле агалошвалася віскам і бязладнымі стрэламі-прысвістамі. Хадановіч.
пасто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Праводзіць час, стоячы дзе‑н. Мой бацька.. то пастойваў, то паходжваў каля сталоў з вялікай бутляй гэтага квасу ў руках, расхвальваў яго. Кулакоўскі.
пасто́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пастою.
пасто́птвацца, ‑аецца; зак.
Стаптацца — пра ўсё, многае. На вусатым хутаранцы даўнейшы пыльнік пацёрся, змяўся, пазелянеў. Святочныя боты яго паабшморгваліся, пабялелі; пастоптваліся ў іх абцасікі, і не ў галаве вусатаму боты — жывецца як да часу. Чорны.
пасто́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Стаптаць усё, многае.
пасто́чвацца, ‑аецца; зак.
Зрабіцца тонкім ад тачэння — пра ўсё, многае.
пасто́чваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Стачыць 1 усё, многае.
пасто́чваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Стачыць 3 усё, многае.