па́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для лоўлі звяроў і птушак. Давялося Нупрэю хадзіць у лес, ставіць пасткі на барсукоў. Жычка. Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаецца з ёю. Якімовіч. // перан. Месца, адкуль нельга выйсці, якое не мае выхаду; бязвыхаднае становішча. Самы апошні воўк зрабіў некалькі кругоў у сярэдзіне натоўпу, стараючыся выбіцца з гэтай жывой пасткі. Чорны. Мост адразу не пабудуеш, а вузкія палявыя дарогі, залітыя веснавою вадою, ператварыліся ў пасткі для кожнай машыны. Грахоўскі.

2. перан. Хітры манеўр, прыём для заманьвання праціўніка ў небяспечнае становішча. «Што гэта: хітрасць нейкая, пастка?» — пытаў самога сябе Лабановіч. Колас. Ён .. выступаў на сходах і мітынгах, заўсёды шчасліва ўнікаючы пастак меншавіцкай ахранкі. Самуйлёнак.

3. Нечаканая небяспека, засада. [Слуцкаму] здавалася, што за кожным кустом, за кожным дрэвам яму нарыхтавана пастка. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)