запэ́ўніванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запэўніваць — запэўніць.
запэ́ўнівацца, ‑аецца; незак.
Зал. да запэўніваць.
запэ́ўніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запэўніць.
запэ́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго, у чым і са злучн. «што».
Пераканаць у правільнасці чаго‑н.; паручыцца за што‑н. — Дазвольце запэўніць вас, таварышы, што наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас. — Прывязу лыжы, прывязу абавязкова, — запэўніў бацька, беражліва апускаючы сына на падлогу. Хадкевіч. Дзядзька Карней запэўніў, што асеннімі пасадкамі займацца яшчэ не позна. Якімовіч.
запэ́цканы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запэцкаць.
2. у знач. прым. Нячысты, брудны. Зала патроху напаўнялася, чыгуначнікі ў запэцканыя сініх спяцоўках стаялі маўклівыя, строгія. Навуменка.
запэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. у што, чым і без дап. Забрудзіцца, вымазацца. Запэцкацца чарнілам. □ Вучні запэцкаліся ў смалу і гразь. Скрыпка.
2. перан. Зняславіць сябе ганебным учынкам. — Каму помсціць? Табе? Ты нават гэтага не варты, Мікола! Запэцкаешся аб цябе. Брудны ты з галавы да ног. Шашкоў.
запэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. у што, чым і без дап. Забрудзіць, вымазаць. Максім запэцкаў рукі і гімнасцёрку ў ліпучую смалу. Шамякін. Барада за гэтыя дні адрасла, і здаецца, што гэта .. [Раман] твар свой нечым запэцкаў. Чорны.
2. перан. Зняславіць, зганьбіць. Маёй душы нікому не запэцкаць. Панчанка. А я ганарлівы, што ў палкіх гадах Імкненні свае не запэцкаў. Лявонны.
запява́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е; Т ‑ай, ж.
1. Спявак (спявачка), які (якая) выконвае запеў у харавых спевах. За гутаркаю пасыпаліся песні; запявалам вызваўся Хлор. Гартны. У гуртку мастацкай самадзейнасці і на вечарынках .. [Мар’яна] заўсёды была запявалай. Стаховіч.
2. перан. Разм. Пачынальнік, зачыншчык чаго‑н. Мы гартаваліся У баях і ў працы дбалай, Мы небывалага юнацтва запявалы. А. Александровіч.
запява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Пачынаць песню, выконваць запеў (у 1 знач.). На другой ці трэцяй рэпетыцыі, калі Наташа больш-менш асвоілася ў хоры, Ала Міхайлаўна даручыла і ёй запяваць нейкую песню. Краўчанка.
2. Пачынаць спяваць. Пачынае запяваць сваю спрадвечную песню .. зязюля. Лынькоў.
запява́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запець 1.
запяка́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Страва, прыгатаваная запяканнем. Бульбяная запяканка. Рысавая запяканка.
2. Ягадная наліўка з прыправамі, прыгатаваная шляхам гарачай апрацоўкі.