пастару́нак, ‑нка, м.
Мясцовае аддзяленне паліцыі ў Заходняй Беларусі да 1939 г. Па вёсках спешна будаваліся паліцэйскія ўчасткі — пастарункі, па гарадах і мястэчках — гарнізонныя казармы. Паслядовіч.
[Польск. posterunek.]
пастаршы́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; зак.
Выканаць абавязкі старшыні, пабыць старшынёю. [Бялькевіч:] А пакуль што, пакуль таго кіраўніка не знойдуць, мне давядзецца пастаршынстваваць. Савіцкі.
паста́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Зрабіць старым.
пастарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пастарэў, састарэў. У Дашынай хаце .. [Пятра] ніхто не пазнаў. Даведаўшыся, хто ён такі, пастарэлая гаспадыня, вохкаючы і божкаючы, замітусілася па хаце, пачала збіраць пачастунак. Ракітны. Жвіровая ўезджаная дарожка неўзабаве вывела на падворак школы — наперадзе высіўся пышны, у два паверхі, але ўжо пастарэлы і запушчаны, з трэснутай па фасадзе сцяною старасвецкі палац. Быкаў.
пастарэ́нне, ‑я, н.
1. Стан паводле знач. дзеясл. пастарэць.
2. Спец. Змяненне форм і ўласцівасцей рэчыва пад уздзеяннем розных тэхнічных умоў. Пастарэнне металу.
пастарэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць старым, старэйшым. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, проста душой падабралі. Панчанка. Анежка.. з жалем паглядала на Алеся, які, здавалася ёй, пастарэў за гэты час. Броўка. Разам з гаспадаром Казімірам пастарэлі і бярозы пад акном і яблыні ў садзе, наогул, усё пастарэла ў фальварку. Пестрак. За тыдзень свет, здаецца, пастарэў. Бураўкін.
паста́ў 1, ‑става, м.
Пара млынавых камянёў, адзін з якіх нерухомы, а другі круціцца на ім. Вецер добры быў, вятрак малоў на два паставы. Сабаленка.
паста́ў 2, ‑става, м.
Тое, што і сувой.
паста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.
Забеспячэнне якімі‑н. таварамі па дагавору, дастаўка чаго‑н. на адпаведных умовах. Праўда, .. [амерыканскія рабочыя] зараблялі больш, чым да вайны — фабрыкі і заводы працавалі на поўную сілу на ваенныя пастаўку ўсяму свету. Лынькоў. // Адзін з асноўных відаў дзяржаўных нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў. Выканаць дзяржаўныя пастаўкі. □ [Бялькевіч:] — Але сказаў [старшыня], што калі пастаўкі першая запаведзь, дык найпершай павінен быць клопат пра чалавека, таго, хто і гэтыя пастаўкі выконвае і хлебу гэтаму гаспадар. Савіцкі.
паста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паставіць.
пастаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да пастаўляць 1.