Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пахадзіць без мэты, гуляючы. Я схадзіў у Зазер’е і на адзіноце паблукаў па асеннім лесе. Краўчанка. Сон.. не ішоў, і заставалася толькі пакінуць цеснаватую хату і паблукаць па вечаровай вуліцы. Шахавец.

2. Пахадзіць у пошуках чаго‑н. Нямала .. [Пеця] яшчэ паблукаў, пакуль знайшоў патрэбную дарогу. Сіняўскі. Варта было яшчэ паблукаць па кніжных магазінах, перакусіць, а потым зашыцца куды-небудзь у парк. Навуменка.

3. Разм. Павандраваць, пахадзіць. Калі нельга многа — хоць бы трохі Паблукаць бы мне па ўсёй зямлі. Панчанка.

паблы́тацца, ‑аецца; зак.

Пераплесціся паміж сабой, пераблытацца, зблытацца. Ніткі паблыталіся. □ [Барада] паблыталася густымі кучаравымі ніткамі. Скрыган.

паблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Зблытаць, пераблытаць. Паблытаць дрот. □ Так і хацелася абняць [дзеда] і, жартуючы, паблытаць яго сівую бародку. Рылько.

2. Прыняць адно за другое. Я гэты ціхі дым на смак і навобмац[а]к ведаю, Яго я ні з чым не паблытаю. Барадулін.

паблядне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў бледным. Пабляднелы твар.

2. Які страціў свае яркія фарбы, стаў цьмяным. Пабляднелыя зоркі. □ Ні пра смерць, ні пра раны не думалася, калі крануўся ноччу эшалон са станцыі, пакінуўшы за сабою пабляднелыя ў белаватай імгле туманаў жоўтыя і чырвоныя агні семафораў. Галавач.

паблядне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць, зрабіцца бледным. Пабляднець ад хвалявання. □ Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок. Колас.

2. Страціць яркія фарбы; пацямнець. Пялёсткі пабляднелі. Малюнак пабляднеў.

пабля́клы і пабле́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў яркія фарбы, выцвіў, паліняў. Пабляклы здымак. □ У старэнькай, пабляклай ад шматразовага мыцця сукенцы прыйшла .. [Вера] у новы калектыў. «Звязда». У першыя дні пасля вызвалення прыйшоў сюды, да гэтага дома, кульгавы, сутулаваты чалавек, у паблеклым армейскім адзенні. Мележ. На паблеклым ад страты крыві твары заільсніўся дробны пот. Паслядовіч.

2. Які памерк, пабляднеў. У густым, пабляклым небе, як жар у прысаку, палала жоўтае сонца. Дуброўскі. [Лясніцкі] убачыў .. паблеклыя зоркі, адна з якіх, здавалася, прычапілася за самую верхавіну рабіны.. Шамякін.

3. Які звяў, страціў свежасць (пра расліны). Ёсць своеасаблівае хараство і ў асенніх фарбах, яны не ўсюды шэрыя і пабляклыя, як здаецца. Краўчанка. // перан. Які страціў прыгажосць, свежасць, бляск. Бабка доўга ўзіраецца пабляклымі вачыма ў неба, нешта сама сабе шэпча і ўздыхае. Даніленка. Паблеклыя вочы .. [маці] глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава. Брыль.

4. перан. Які страціў сваю сілу, выразнасць, яскравасць. Ласка кахання сапраўднага, Як вітанне сонейка ранняга. Яна гоніць ад сэрца спакой Сваёй цёплай пяшчотнай рукой. Бо спакой — гэта вечар кахання, Гэта водбліск пабляклых надзей. Чарнушэвіч.

пабля́кнуць і пабле́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Страціць яркія фарбы, выцвісці, паліняць. Фарбы пабляклі. Партрэты пабляклі. □ Пакуль [хлопчык] ляжаў у бальніцы, загар на твары завяў.. Нават вяснушкі на шылаватым носе паблеклі. Беразняк.

2. Памеркнуць, пабляднець. Драбнелі і прападалі зоры, пабляк.. месяц: неба ўвачавідкі налівалася далёкім сонечным святлом. Вышынскі. Летняя сінь неба крыху паблекла. Асіпенка.

3. Звяць, страціць свежасць (пра расліны). Першыя замаразкі прыхапілі пад акном вяргіні: яны пабляклі, пачарнелі. Кірэйчык. Усё навокал неяк паблякла, толькі на газонах ярка цвілі астры. Асіпенка. // перан. Страціць прыгажосць, свежасць, бляск. Твар пабляк. Вочы пабляклі. □ Некалі прыгожая, Крывіцкая зараз паблякла. Гурскі.

4. перан. Страціць сваю сілу, выразнасць, яскравасць. Слава паблякла. Уражанні пабляклі.

пабляя́ць, ‑яе; зак.

Бляяць некаторы час. Авечка пабляяла і сціхла.

пабо́і, ‑бояў; адз. няма.

Удары, якія наносяцца каму‑н. Твар, яшчэ амаль дзіцячы, быў у крыві і распух ад пабояў. Мележ. // Сляды ад гэтых удараў. На целе відаць пабоі. □ Раздзелі Міколку, цёплай вадой пабоі змачылі. Лынькоў.

пабо́ішча, ‑а, н.

1. Вялікая бітва; бой (у 1 знач.). Ты паўвайны прайшоў сумленныя салдатам, вынес на сваіх плячах не адно пабоішча. Ракітны. Не дай разгарэцца пабоішчам новым, Ты міру, адзінству свайму паслужы. Бачыла. // Месца, дзе адбывалася бітва.

2. Разм. Жорсткая бойка. Удзельнічаць у вулічным пабоішчы.

•••

Лядовае пабоішча — разгром наўгародцамі нямецкіх рыцараў-захопнікаў у 1242 г. у бітве на лёдзе Чудскога возера.

Мамаева пабоішча — а) пра вялікую сварку, бойку; б) пра поўны беспарадак. [Ад імя татарскага хана Мамая, які ў 14 ст. зрабіў спусташальнае нашэсце на Русь]