павыса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Высадзіць, ссадзіць адкуль‑н. усіх, многіх. Павысаджваць пасажыраў з машыны.
2. Перасаджваючы, пасадзіць у многіх месцах, перасадзіць усё, многае. Павысаджваць дрэвы. Павысаджваць усю расаду.
3. перан. Разм. Выбіць многа чаго‑н. Нейкія малойчыкі паразбівалі крамы, павысаджвалі ў дамах вокны. Каліна.
павысвідро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Высвідраваць у многіх месцах; высвідраваць многа чаго‑н. Павысвідроўваць дзіркі.
павысёрбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Высербаць усё, многае. Дзеці павысёрбвалі суп з місак.
павы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.
1. Стаць больш высокім. Узровень вады павысіўся. □ Нерастуе лінь з сярэдзіны мая да другой паловы ліпеня, калі тэмпература вады павысіцца да 20–21°C. Матрунёнак.
2. Павялічыцца, стаць большым. Надоі павысіліся. □ [Русаковіч:] Калі ўмела і з душой узяцца за справу, дык і план будзе выкананы, і сабекошт не павысіцца. Крапіва. // Палепшыцца. Павысіліся веды вучняў. Павысіўся культурны ўзровень. Павысіўся аўтарытэт установы.
3. Разм. Перайсці на больш высокую пасаду. Павысіцца па службе.
4. Стаць мацнейшым, стаць больш высокім па тону. І раптам павысіўся ў Міхася голас. Чорны.
павы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш высокім. Павысіць узровень вады.
2. Павялічыць, зрабіць большым. Павысіць прадукцыйнасць працы. Павысіць тэмпературу. Павысіць ураджайнасць. □ Рабочыя .. не адступалі ад сваіх патрабаванняў павысіць заработную плату на некалькі цэнтаў у гадзіну. Лынькоў. // Узняць на больш высокую ступень, палепшыць. Павысіць культурны ўзровень. // Зрабіць больш паважаным. Павысіць аўтарытэт.
3. Прызначыць на больш высокую пасаду. Павысіць па службе. Павысіць у чыне. □ Не было кадраў, і.. [Івана Іванавіча] нават павысілі на пасадзе. Карпюк.
4. Зрабіць мацнейшым, зрабіць больш высокім па тону. Павысіць ноту. □ Мітрафан устаў, павысіў голас, каб усе чулі яго. Бажко.
•••
Павысіць голас — пачаць гаварыць са злосцю, з раздражненнем.
павыска́кваць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. Выскачыць — пра ўсіх, многіх. Перапалоханыя крыкам, мужчыны павыскаквалі з хат і бягом кінуліся з двароў. Галавач.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.); перан. Разм. Нечакана выпасці адкуль‑н. — пра ўсё, многае. Павыскаквалі коркі з бутэлек.
павыска́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Выскаліць, ашчэрыць зубы — пра ўсіх, многіх.
павыска́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Выскаліць, ашчэрыць зубы — пра ўсіх, многіх.
павыскаля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм.
1. Тое, што і павыскальвацца.
2. перан.; з каго і без дап. Разм. Выскаляцца, смяяцца некаторы час. — А-а-а! — выгукнуў Ермалай. — Хочаце мяне ў лапці абуць, на сцэну выпіхнуць... павыскаляцца са старога. Грамовіч.
павыскаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Разм. Тое, што і павыскальваць.