павы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш высокім. Павысіць узровень вады.
2. Павялічыць, зрабіць большым. Павысіць прадукцыйнасць працы. Павысіць тэмпературу. Павысіць ураджайнасць. □ Рабочыя .. не адступалі ад сваіх патрабаванняў павысіць заработную плату на некалькі цэнтаў у гадзіну. Лынькоў. // Узняць на больш высокую ступень, палепшыць. Павысіць культурны ўзровень. // Зрабіць больш паважаным. Павысіць аўтарытэт.
3. Прызначыць на больш высокую пасаду. Павысіць па службе. Павысіць у чыне. □ Не было кадраў, і.. [Івана Іванавіча] нават павысілі на пасадзе. Карпюк.
4. Зрабіць мацнейшым, зрабіць больш высокім па тону. Павысіць ноту. □ Мітрафан устаў, павысіў голас, каб усе чулі яго. Бажко.
•••
Павысіць голас — пачаць гаварыць са злосцю, з раздражненнем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)