закукарэ́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць кукарэкаць. // Кукарэкнуць, пракукарэкаць. Закукарэкаў певень, яму адказалі два ці тры аж на процілеглым канцы вёскі. Навуменка.
закулі́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца або адбываецца за кулісамі. Андрэй пацягнуў Вольгу і Паддубнага за сабою, пацягнуў за сцэну, каб вывесці закулісным ходам. Пестрак.
2. перан. Скрыты, тайны. Закулісныя перагаворы. □ Тышкевіч цярпліва чакаў сваёй чаргі. Чамусьці было прыкра, што вядзецца нейкая закулісная гульня ў размеркаванне партфеляў. Асіпенка.
закульга́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць кульгавым. — Конь мой белы закульгавеў, то няма як ехаць мне сягоння. Чорны.
закульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Пайсці, пабегчы кульгаючы. Салдат закульгаў шпарчэй. Чорны.
2. Стаць кульгавым; закульгавець. — Кашаварам я не быў, а што нага ў мяне крывая, то гэта праўда, толькі ж закульгаў я ад ранення, а не так сабе ад чаго. Кулакоўскі. / перан. Перастаць дзейнічаць, развівацца правільна. Настойліва паэт, старанна працаваў: За кніжкай кніжку выдаваў. Не дзіва, што і грошы завяліся. І раптам хлопец закульгаў... У творах змены адбыліся, Якіх ніхто ніколі не чакаў. Корбан.
3. Разм. Кульгаючы, дайсці куды‑н., да якога‑н. месца. — А дзе прыстанішча, далёка да яго? — Спытаўся фельчар: — Можа і за год Старому мне туды не закульгаць? Танк.
закультывава́ць, ‑тывую, ‑тывуеш, ‑тывуе; зак., што.
Апрацаваць культыватарам. Закультываваць узаранае поле.
закуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Пачаць куляцца.
за́куп 1, ‑у, м.
Закупка чаго‑н. у вялікай колькасці. Дзяржаўны закуп сельскагаспадарчых прадуктаў.
за́куп 2, ‑а, м.
У Кіеўскай Русі і ў Вялікім княстве Літоўскім — селянін, які атрымаў пазыку ў землеўладальніка і трапіў да яго ў залежнасць.
закупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Захапіцца купаннем. Хлапец закупаўся і на ўсё забыўся.
2. Стаміцца ад празмернага купання. Закупацца да непрытомнасці.
заку́пачны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з закупкай. Закупачныя цэны. Закупачны пункт.
закупі́ць, ‑куплю, ‑купіш, ‑купіць; зак., каго-што.
1. Купіць каго‑, што‑н., звычайна у вялікай колькасці; запасціся чым‑н. шляхам закупу 1. Закупіць прамысловае абсталяванне. Закупіць племянную жывёлу.
2. Уст. Падкупіць падачкамі, гасцінцамі. Закупіць сведак.