зая́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць яхкаць.
за́яц, зайца, м.
1. Невялікі звярок атрада грызуноў, з доўгімі заднімі нагамі, доўгімі вушамі і кароткім хвастом. Заяц-бяляк. Заяц-русак. □ Па густым зарасніку, як вецер, праімчаўся спуджаны некім касавокі заяц. Якімовіч. // Футра гэтага звярка. // Мяса зайца як ежа; заячына.
2. Разм. Пра безбілетнага пасажыра. З запіскаю ад Баўдзея пайшоў Лабановіч на Новы Свет.. шукаць таго спрытнага обер-кандуктара, што жыў на грошы ад правозу безбілетных пасажыраў, або «зайцаў», як іх там называлі. Колас.
•••
Забіць двух зайцаў гл. забіць.
Пагнацца за двума зайцамі гл. пагнацца.
за́ячы і зае́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да зайца (у 1 знач.). Заячыя сляды. Заячае футра. // Зроблены з футра зайца. Заячая шапка.
2. перан. Нясмелы, баязлівы. Заячы характар. Заечая натура.
3. Як састаўная частка некаторых батанічных назваў. Заячая капуста. Заячая канюшына. Заячае шчаўе.
•••
Заячая губа гл. губа.
Заячая душа гл. душа.
за́ячына і зае́чына, ‑ы, ж.
Мяса зайца як ежа; зайчаціна. Прыгатаваць заячыну.