павыпы́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Выпыліць усё, многае. Павыпыльваць коўдры.
павыпы́рхваць, ‑ае; зак.
Разм. Выпырхнуць — пра ўсіх, многіх. Птушкі павыпырхвалі з гнёздаў.
павыпы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Выпытаць усё, многае. Павыпытваць тайны.
павыпэ́цквацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Разм. Выпацкацца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Дзеці павыпэцкваліся. Рукі павыпэцкваліся.
павыпэ́цкваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Выпацкаць у многіх месцах, выпацкаць усё, многае. Павыпэцкваць сцены.
павыпяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Выпечы ўсё, многае. Павыпякалі жанчыны хлябы і пайшлі ў поле. Павыпякаць узоры. Павыпякаць бародаўкі.
павырабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Вырабіць усё, многае. Павырабляць усе скуры. Павырабляць свае нормы. Павырабляць вугальныя разрэзы. Павырабляць у гразь усё адзенне. □ [Варанковіч:] — Ты думаеш, мне гэты перамер цацка вялікая?.. Павыраблялі зямлю, паўгнойвалі, а гэта зноў пачынаецца нанава. Чорны.
павыраза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Выразаць усё, многае. Павыразаць усе дрэвы ў садзе.
павырака́цца, ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Разм. Вырачыся ўсіх, многіх. Павыракацца родзічаў.
павыраста́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. Стаць высокімі, дарослымі (пра людзей). Прыйшоў .. [Зянон] з вайны і не пазнаў ні дзяцей — тыя павырасталі, ні жонкі — Дуся неяк змізарнела. Сабаленка. Язэпка рады быў кожнаму знаёмаму твару. А некаторых, з маладзейшых, ён ужо і не пазнаваў. Павырасталі без яго! Якімовіч. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Стаць вялікім, высокім (аб жывёлах, раслінах). Птушкі павырасталі і цяпер збіраліся разам. Чорны. Маладыя флянцы сасонак, пасаджаныя калісьці радамі, павырасталі ў гонкія дрэвы. Пальчэўскі.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Узнікнуць, з’явіцца — пра ўсё, многае. Вакол гарнізона да восені, быццам грыбы, павырасталі дзоты. Брыль.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Паўстаць перад вачыма — пра многіх, многае. Сяргей хутчэй адчуў, чым убачыў, што вакол яго фашысты. Нібы павырасталі з зямлі. Сіняўскі.