паспуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Спусціць усё, многае або ўсіх, многіх. Партызаны сядзелі за гарою, паспускалі ногі ў прыдарожную канаву, адпачывалі пасля марша. Гурскі. За лесам на горцы тры хвоі Стаяць, паспускаўшы галіны. Колас.
паспыня́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑аецеся, ‑яюцца; зак.
Разм. Спыніцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Байцы мітусліва паспыняліся і неўзабаве накіраваліся да машын ля канавы. Марціновіч.
паспыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Пакаштаваць, папрабаваць на смак. Маці заглянула ў кубкі: Ліза не адпіла і адной трэці. Паспытала яе чай — зусім не салодкі. Шамякін. — А гэта я табе клубнікі прынесла, а то ў бальніцы тут напэўна і не паспытаеш яе... Васілевіч. — Каб не займаўся дзед з Міколкам паляваннем, то не давялося б нам курацінкі паспытаць! Лынькоў.
2. перан. Разм. Перажыць, зведаць у жыцці, на практыцы. [Мікола:] — Не лічу сябе вінаватым перад табой нават і ў тым, што не быў у дэфензіве і не паспытаў таго, што давялося табе. Машара. — Як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе. Грамовіч. // перан. Адведаць, спазнаць. Прынесла Тэкля вужышча. Узяў Саўка вяроўку ў рукі і пытае: «А гэтай штукі паспытаць не хочаш?!» С. Александровіч.
•••
Паспытаць на сваёй скуры што — пераканацца ў чым‑н. на сваім вопыце.
паспява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. паспяваць 2 — паспець 1 (у 1 знач.).
паспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Спяваць некаторы час. Дзядзька ківае сам сабе галавою і заводзіць [песню].. Паспяваў трохі і кінуў, а, можа, яму Шугай Міхалка перашкодзіў, ідучы насустрач. Колас. Соня была сярод спевакоў. Соню хлебам не кармі, а дай паспяваць. Лось.
паспява́ць 2, ‑ае.
Незак. да паспець 1.
паспява́ць 3, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да паспець 2.
2. Добра, паспяхова вучыцца; не адставаць. Ніна ведала, што Коля добра паспяваў па матэматыцы, таму дырэктар і параіў яму паступіць у тэхнікум. Сіўцоў. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык.
паспява́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад паспяваць 3.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які паспяхова вучыцца, не адстае ў вучобе. Я ў Яўгенні Пятроўны лічыўся паспяваючым вучнем. Грамовіч.
3. у знач. наз. паспява́ючы, ‑ага, м. Той, хто паспяхова вучыцца, не адстае ў вучобе.
4. Дзеепрысл. незак. ад паспяваць 3.
паспяхо́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і якасць паспяховага. Паспяховасць аднаўлення лесасек дубам у вялікай ступені залежыць ад працягласці часу паміж момантам рубкі і папярэднім ураджайным годам жалудоў. «Весці».
2. Ступень засваення вучнямі ведаў. Для таго, каб павысіць паспяховасць у класе, мы стварылі гурткі ўзаемадапамогі. «Маладосць».
паспяхо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які вызначаецца поспехам, заключае ў сабе поспех. Паспяховае выкананне плана. Паспяховае асваенне тэхнікі.
паспяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пастарацца зрабіць што‑н. хутчэй. — Касіць, хлопцы, касіць, — а не кірмашы спраўляць, — казаў Мікіта Рыла, — на пагодзе стала, трэба паспяшацца... Чарот. Юра паспрабаваў маляваць зайцоў, але выходзілі яны дужа падобныя на катоў, і ён паспяшаўся замазаць іх. Бураўкін. // Хутка пайсці. Прачнуўся Дзяніс досвіткам, сабраў у чамадан дарожныя рэчы, паклаў грошы ў кішэню і паспяшаўся на вакзал. Гроднеў. [Васіль Пятровіч] паспяшаўся ў вестыбюль, які поўніўся ўжо галасамі. Карпаў. // Зрабіць што‑н. паспешліва, неабдумана; пагарачыцца. Я два разы страляў па зайцу.. Першы раз паспяшаўся і бабахнуў здалёк. Ляўданскі. [Вадзім:] — Ну, выйшаў я з дому, азірнуўся і падумаў, што назад ужо халасцяком не вярнуся. І ад такой думкі неяк не па сабе стала. І, шчыра сказаць, завагаўся. Думаю, паспяшаўся. Гаўрылкін.
паспяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Тое, што і паспяшацца. Палявою сцежкай, між жытоў, уподбег паспяшала да рэчкі дзяўчына. Краўчанка. Зноў дзіва: міма Алеся паспяшае да сходаў бацька. Весела падміргнуў сыну. Караткевіч.