Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паравыпускны́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які служыць для выпускання пары ​2. Паравыпускная труба.

парагата́ць, ‑рагачу, ‑рагочаш, ‑рагоча; зак.

Разм.

1. Рагатаць некаторы час. Яны парагаталі для прыліку, бо кожны ведаў гэты стары анекдот. Васілёнак. [Юзік] парагатаў трошкі і пахмура сціх. Мурашка.

2. Уволю пасмяяцца. Мікалай Разважнік.. вельмі любіў парагатаць з чаго-небудзь смешнага. Чорны.

парагва́ец,

гл. парагвайцы.

парагва́йка,

гл. парагвайцы.

парагва́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Парагвая, парагвайцаў.

парагва́йцы, ‑аў; адз. парагваец, ‑вайца, м.; парагвайка, ‑і, ДМ ‑вайцы; мн. парагвайкі, ‑ваек; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Парагвая.

параге́незіс, ‑у, м.

Спец. Заканамернае сумеснае знаходжанне ў зямной кары груп мінералаў. Парагенезіс мінералаў. Вучэнне аб парагенезісе.

[Грэч. para — побач і genesis — зараджэнне.]

парагенера́тар, ‑а, м.

Паравы кацёл.

пара́граф, ‑а, м.

Частка тэксту ўнутры раздзела, якая мае самастойнае значэнне і пазначана звычайна знакам § і парадкавым нумарам. Першы параграф. // Сам знак §. // Разм. Правіла, настаўленне, змешчанае ў якім‑н. раздзеле статута, праграмы і пад. На вайне .. [фон Адлер] заўсёды рабіў па-свойму, рэдка прытрымліваючыся непарушных параграфаў статута. Шамякін.

[Лац. paragraphus ад грэч. parāgraphos — знак новага раздзела тэксту.]

пара́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Урачысты агляд войск. Сягоння на Плошчы Чырвонай Святочны вайсковы парад. Аўрамчык. // Урачыстае шэсце (спартыўных, школьных і пад. арганізацый). Фізкультурны парад.

[Фр. parade.]