Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

залатаво́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Насякомае атрада сеткакрылых, лічынкі якога знішчаюць шкоднікаў цытрусавых і вінаграду.

залатагры́вы, ‑ая, ‑ае.

Нар.-паэт. З залатой грывай; з грывай залацістага колеру. У садзе залатагрывы конь пасецца. Якімовіч.

залатагу́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Начны матыль, небяспечны шкоднік садоў і лясоў.

залатако́ваны, ‑ая, ‑ае.

Нар.-паэт. Выкаваны з золата. Залатакованая чаша.

залатано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сваім саставе золата, багаты на золата. Залатаносны пясок. Залатаносная жыла.

залата́р, ‑а, м.

1. Уст. Майстар па вырабу розных рэчаў з золата; ювелір. З граматы 1499 г. нам вядома, што ў гэты час сярод рамеснікаў Мінска налічвалася значная колькасць залатароў. «Беларусь».

2. Даўнейшая іранічная назва асенізатара.

зала́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Паправіць, адрамантаваць, паклаўшы латку (латкі); палатаць. Залатаць мех. Залатаць страху.

залаташва́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Майстрыха па шыццю, вышыванню золатам, залатымі ніткамі, мішурой.

залаташве́йны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з вышываннем пазалочанымі ніткамі. Залаташвейная майстэрня.

залатні́к 1, ‑а, м.

Старая мера масы, роўная 1/96 фунта (каля 4,26 г), якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

залатні́к 2, ‑а, м.

Механізм для аўтаматычнага кіравання патокам пары, газу, вадкасці ў цеплавых, гідраўлічных і пнеўматычных машынах.