Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зажы́нкі, ‑нак; адз. няма.

1. Пачатак жніва. Вакол такі спакой, нібы настаў вялікі адпачынак, Хоць недзе блізка час касьбы і недалёка дзень зажынак. Русецкі. Кажуць, як зерне разломіш у пальцах — Смела выходзь на зажынкі. Арочка.

2. Святкаванне пачатку жніва. У калгасе спраўлялі зажынкі.

зажыўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зажыўляць — зажывіць.

зажыўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да зажыўляць.

зажыўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да зажывіць.

зажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; пр. зажыўся, ‑жылася, ‑лося; зак.

Разм.

1. Пражыць больш звычайнага, надта доўга. Зажыцца на белым свеце.

2. Пачаць жыць заможна; абжыцца. — Я сваім гарбом зажыўся.. — Доўга кляўся і бажыўся Панскі солтыс, хітры ліс. Броўка. — Дык жа бывае і так, што хату людзі прадаюць, каб цяжкі час перажыць, а пасля, калі зажывуцца, яшчэ лепшую зробяць. Асіпенка.

зажы́ць 1, ‑жыве; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

Зарубцавацца, загаіцца (пра рану, пашкоджанае месца). Андрэя завезлі ў шпіталь, дзе ён пралежаў тры тыдні, пакуль не важыла рана. Скрыпка. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч.

зажы́ць 2, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак., што.

Разм. Набыць што‑н., разжыцца на што‑н. — Хто нічога не робіць, яму і скідкі, і льготы розныя, а калі другі мазалём сваім зажыў нешта, .. на яго ўся бяда. Галавач.

зажы́ць 3, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

Пачаць жыць (пэўным чынам). І зажылі Язэп з Настуляю на дзіва ўсяму свету. Чарот. Да вясны жораў паправіўся і зажыў у хаце царом над курамі. Брыль.

зажэстыкулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак.

Пачаць жэстыкуляваць.