заатэхні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да заатэхніі. Заатэхнічныя курсы. Заатэхнічная лабараторыя.
заатэ́хнія, ‑і, ж.
Навука аб гадоўлі і правільным выкарыстанні сельскагаспадарчых жывёл.
заафе́рма, ‑ы, ж.
Спец. Жывёлагадоўчая ферма.
заахво́ціцца, ‑вочуся, ‑воцішся, ‑воціцца; зак.
Адчуць жаданне, ахвоту да чаго‑н.; падахвоціцца. [Янка] яшчэ болей павесялеў, калі Лабановіч раптам заахвоціўся прайсціся разам да мястэчка Стаўбуны. Колас. [Ірынка] усё гаварыла, як дарослая, і, як дарослая, пачынала рабіць усё ў доме. Заахвоцілася нават раз мыць падлогу. Чорны.
заахво́ціць, ‑вочу, ‑воціш, ‑воціць; зак., каго-што.
Выклікаць ахвоту да чаго‑н., жаданне займацца чым‑н. Я сеў на парозе і з цікавасцю пачаў слухаць гаваркую бабулю, час ад часу ўстаўляючы толькі асобныя словы, каб заахвоціць яе да размовы. Няхай. Каб заахвоціць чырвонаармейцаў да вучобы, я пачаў чытаць ім урыўкі з класічных твораў Гогаля, Л. Талстога, Чэхава, Горкага. Сяргейчык.
заахво́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад заахвоціць.
заахво́чвальны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для заахвочвання. Заахвочвальныя ўзнагароды. Заахвочвальныя прэміі.
заахво́чванне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заахвочваць.
2. Тое, што заахвочвае каго‑н. да чаго‑н.; пахвала, узнагарода. Гэтымі днямі камандзір аб’явіў [Алегу Сіроціну] падзяку. Гэта дваццаць чацвёртае заахвочванне стараннага воіна. «Звязда».
заахво́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заахвоціцца.
2. Зал. да заахвочваць.
заахво́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заахвоціць.