Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

палу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Заработная плата. Аляксей адвёў Сонцава ў бярэзнік і, павярнуўшыся спіной да танкаў, выняў з кішэні камбінезона пачак чырвонцаў, амаль усю сваю месячную палучку. Мележ. [Сяргей] ужо дарослы. Прыносіць дадому палучку. Гроднеў. // Атрыманне зарплаты. Надышла палучка. Усёй брыгадай накіраваліся ў памяшканне касы на двор. «Звязда».

палу́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад палушчыць.

палу́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Лушчыць (у 2 знач.) час ад часу.

палу́шчыцца, ‑лушчыцца; зак.

Палупіцца, аблупіцца.

палу́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑плыць; зак., што.

1. Злушчыць усё, многае.

2. і без дап. Лушчыць некаторы час.

3. Спец. Узрыхліць верхні слой глебы лушчыльнікам.

палыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Злыгаць усё, многае або ўсіх, многіх.

2. і без дап. Лыгаць некаторы час.

палымне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Ярка гарэць, палаць; знішчацца ў агні. Людзі пакідалі разбураныя гнёзды, якія палымнелі ў агні, там гінула чалавечая праца, дымам засцілалася неба. Гурскі.

2. Свяціцца яркім святлом; вылучаць святло. Будуецца горад, Заўсёды начамі Увесь палымнее Электраагнямі. Калачынскі.

3. Набываць колер полымя; вылучацца колерам полымя, яркай чырвонай афарбоўкай. Ружовая зара палымнела на ўсходзе. Самуйлёнак. Амаль у кожным двары палымнела чырвоная рабіна. Гроднеў. // Пакрывацца румянцам. Вецер [свістаў] у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар, і твар пачынаў гарэць, палымнець. Мікуліч.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. вельмі моцным пачуццём. Палымнець сэрцам. Палымнее агонь помсты.

палымне́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад палымнець.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які мае колер полымя; вылучаецца колерам полымя. Ад сэрца народнага шчырае дзякуй Братам і сцягам палымнеючым шлём. Танк.

3. Дзеепрысл. незак. ад палымнець.

палымя́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць палымянага. Барацьба за вызваленне пралетарыяту была галоўным зместам жыцця і дзейнасці Маркса, ён аддаваўся гэтай барацьбе з усёй палымянасцю сваёй неўтаймаванай натуры. «Звязда».

палымя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае ярка-чырвоны колер, колер полымя. Злева, на фоне медна-залатога, палымянага захаду, вырысоўваецца з сіняй вады цёмны сілуэт другой гары. В. Вольскі.

2. перан. Палкі, страсны. Палымяны рэвалюцыянер. Палымяны патрыятызм. □ Плошча запоўнена чырвонаармейцамі, рабочымі. На высокай драўлянай трыбуне — знаёмая постаць Ільіча. Правадыр звяртаецца да народа з палымянай прамовай. Шматаў. Заспявай мне песню тую, Што з палёў збіраеш, Што ў сэрцы палымяным Для мяне хаваеш. Русак. // Прасякнуты страснасцю, запалам. Палымяныя выступленні газеты дапаўнялі лістоўкі. Пятніцкі. // Які вырашае палкасць, страснасць. З глыбінь дзесяцігоддзяў у цяжкія для савецкага народа дні гучаў палымяны голас выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Шкраба. Светлячкі капцілак не ў сілах прыхаваць палымянага бляску людскіх вачэй. Там гарыць нянавісць, якая мацней за ўсе агні на свеце. Лынькоў.