Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

захаце́цца, ‑хочацца; зак., безас., чаго і з інф.

З’явіцца, узнікнуць (пра жаданне). [Сцёпку] так моцна захацелася спаць, што вочы яго пачалі зліпацца самі. Колас. Захацелася хутчэй вярнуцца дадому, да сваіх палёў, да сям’і. Шахавец. Наблізілася старасць — захацелася адпачынку. Пестрак.

захаце́ць, ‑хачу, ‑хочаш, ‑хоча; зак., чаго і з інф.

Адчуць ахвоту да чаго‑н.; пажадаць. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Так расхвалілі гэту кнігу, што я захацеў пачытаць яе. Скрыган.

захвалі́ць, ‑хвалю, ‑хваліш, ‑хваліць; зак., каго-што.

Разм. Празмерна расхваліць, пераацаніць чые‑н. заслугі, вартасці. Захваліць вучня.

захва́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. захвальваць — захваліць.

захва́львацца, ‑аецца; незак.

Зал. да захвальваць.

захва́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да захваліць.

захвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Пачаць хвалявацца.

захвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак.

Пачаць хваляваць.

захвара́льнасць, ‑і, ж.

Адносная колькасць захворванняў за пэўны прамежак часу. Знізіць захваральнасць.

захварэ́ць, ‑рэю, ‑рэеш, ‑рэе; зак., на што і без дап.

Стаць хворым. [Маці] захварэла на сухоты і хутка памерла. Чарнышэвіч. Вера Антонаўна захварэла, і адразу стала відаць, як многа яна рабіла ў доме. Карпаў.