Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заўко́маўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да заўкома, належыць яму. Заўкомаўская маёмасць.

заўлада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Захапіць, узяць што‑н., завалодаць чым‑н. Нёс вораг няволю.. Хацеў ён Усёй заўладарыць зямлёй. Куляшоў.

заўлада́ць,

гл. завалодаць.

заўпа́рціцца, ‑рчуся, ‑рцішся, ‑рціцца; зак.

Разм. Пачаць упарціцца. // Праявіць непакорнасць, упартасць. — Маці тут жа хацела мяне забраць з сенажаці, але я заўпарціўся. Якімовіч.

заўсёдашні, ‑яя, ‑яе.

Які бывае заўсёды; пастаянны, звычайны. У цэху быў заўсёдашні рытм працы. Сабаленка. Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Лынькоў.

заўсёднік, ‑а, м.

Разм. Сталы наведвальнік чаго‑н. Варта іншаму скептыку разок-другі наведаць гарадскі клуб турыстаў, пагутарыць з яго заўсёднікамі, як, глядзіш, праз пэўны час і ў яго з’яўляюцца сімптомы дзіўнага «захворвання» — імя якому турызм. «Звязда». Акрамя харыстаў і заўсёднікаў бібліятэкі — хлопцаў і дзяўчат, на голас баяна прыйшлі маладзіцы і пажылыя жанчыны. «Беларусь».

заўсёдны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і заўсёдашні. Наперакор звычаю, .. [Івану] не прысніўся яго заўсёдны, пакутны сон. Быкаў.

заўсёды, прысл.

У любы час, кожны раз, пастаянна. Заўсёды, уначы і ўдзень, на рабоце і ў часе адпачынку, кожную секунду, [Лялькевіч і Пеця] стаялі перад яе вачамі, і за абодвух яна хвалявалася, перажывала. Шамякін. Палескія людзі заўсёды як героі змагаліся з усялякімі акупантамі на беларускай зямлі. Чорны.

заўсміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пачаць усміхацца.

заўсягды́, прысл.

Абл. Заўсёды. Я б хацеў цішыні Заўсягды на граніцы, Хай шуміць збажына, Носяць косы сівец. Ляпёшкін.