Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

заўва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Успрыняць якімі‑н. органамі пачуццяў; убачыць, адчуць, пачуць. Заўважыць святло. Не заўважыць холаду. □ Праз пяць хвілін падняўся агонь з зямлі ў некалькіх месцах. На зямлі льга стала заўважыць хвойную іголку. Чорны. [Марынка] ўстала, паправіла сукенку, і Паходня.. ссутуліўся, некалькі здзіўлены, што яна як бы і не заўважыла яго слоў. Хадкевіч. // Разгледзець, падмеціць, зрабіць якое‑н. назіранне. Сябры не заўважылі маёй разгубленасці толькі таму, што якраз у гэты момант аднекуль здалёк пачуліся выбухі. Карпюк.

2. каго-што. Звярнуць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н. Што іменна ён быў павінен зрабіць — гэтага Васіль пакуль не ведаў, але быў упэўнены, што зробіць шмат, што яго заўважаць і па-сапраўднаму ацэняць. Шашкоў.

3. каго-што. Адзначыць, запомніць па якіх‑н. прыметах. — Заўваж месца і ідзі скажы, што тут ляжыць ранены палкоўнік. Чорны. — Раю заўважыць гэту расліну, — са смехам сказаў Мірон, — табе яна можа спатрэбіцца. Маўр.

4. Выказаць думку, уставіць заўвагу ў час размовы з кім‑н. — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // каму. Зрабіць заўвагу, выгаварыць за які‑н. промах, памылку, недахоп. — Павінен вам заўважыць, — спыніў .. [Кац] кліента, які ўжо збіраўся выходзіць з рэстарана, — вы непрыстойна паводзілі сябе. Корбан.

заўдаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць удавой, удаўцом; аўдавець. [Нахаме] было тады, калі яна заўдавела, гадоў пад трыццаць пяць. Чорны.

заўжды́, прысл.

Заўсёды. Любая нам праца заўжды па плячу. Астрэйка. І ніколі ніхто Нас не зможа спыніць, Бо заўжды наша партыя з намі! Журба.

заўздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць уздыхаць.

заўзя́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць заўзятага; стараннасць, нястрымнасць, напорыстасць. [Васіль] пілаваў з тою заўзятасцю і ахвотай, з якімі робіць чалавек, што ўзяўся за жаданы занятак. Мележ.

заўзя́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які пастаянна і з захапленнем займаецца чым‑н., аддаецца чаму‑н. Заўзяты паляўнічы. Заўзяты балельшчык. □ [Кузьма] быў такі заўзяты і ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім і бралі з сабой. Шамякін.

2. Напорысты, упарты. У сяле добра помнілі: быў у .. [Шкробатаў] некалі сын, Радзівон, упарты, заўзяты. Мележ.

3. Які выконваецца, вядзецца старанна, з захапленнем, з запалам; упарты, напружаны. Заўзятая праца. □ Саша вяла нейкую заўзятую гутарку з Жарнавіком і не пачула, што сказаў Малашкін. Пестрак. Мы выйшлі на двор і ўбачылі заўзятую бойку двух шпакоў у паветры. Пальчэўскі.

заўко́м, ‑а, м.

Заводскі камітэт прафсаюзнай арганізацыі. Член заўкома. Пасяджэнне заўкома.

заўко́мавец, ‑маўца, м.

Разм. Член, прадстаўнік заўкома.

заўко́маўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да заўкома, належыць яму. Заўкомаўская маёмасць.

заўлада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Захапіць, узяць што‑н., завалодаць чым‑н. Нёс вораг няволю.. Хацеў ён Усёй заўладарыць зямлёй. Куляшоў.