паспаўза́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Спаўзці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.
паспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.
Спаць некаторы час. Добра, што заснуў хлапец, каб толькі ўдалося яму паспаць. Кулакоўскі. — Цяпер бы паспаць з гадзінку, — пацягнуўшыся, сказаў Сяргей. Машара.
паспачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму-чаму.
Аднесціся са спачуваннем да каго‑, чаго‑н., выказаць спачуванне каму‑н. — Бедненькі хлопчык, — паспачувала мне цётка Стася. — Дык што ж ты цяпер рабіць будзеш? Сабаленка. — Кожны бядзе нашай паспачувае, кожны яе пачуе... Не можа быць, каб не пачуў... Сачанка.
паспе́ецца, безас. зак.
Разм. Не трэба спяшацца, яшчэ ёсць час. Язэп ведаў гэтую небяспечную, страшную работу [мінёраў]. Ды і час яшчэ трываў. Паспеецца з сяўбой, абы добра размініравалі. Асіпенка.
паспе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які зрабіўся, стаў спелым. У галлі і лісці бялеюць і чырванеюць яблыкі, а паспелыя сліўкі густа спляліся і віснуць, чорныя, да долу. Гарэцкі. Стаіўся верасень у кусціках лазы, Паміж імхоў і журавін паспелых. Ліхадзіеўскі.
паспе́х, ‑у, м.
Разм. Празмерная хуткасць, спешка. Паспех — людзям на смех. Прыказка.
паспе́ць 1, ‑спее; зак.
1. Зрабіцца, стаць спелым; выспець. І макі даўно адцвілі, і жыта паспела, І водар ранетаў даносяць да вокнаў вятры. Тарас. — От калі ў падарожжа ехаць, Міхась, калі арэхі паспеюць! Чарнышэвіч. На Беларусі яблыкі паспелі І глуха асыпаюцца на дол. Грахоўскі.
2. Разм. Стаць гатовым для яды. І чуць што толечкі разднела, У маткі снеданне паспела. Колас. // Стаць прыгодным, гатовым для чаго‑н. Глеба паспела.
паспе́ць 2, ‑спею, ‑спееш, ‑спее; зак., звычайна з інф.
Здолець, змагчы зрабіць што‑н. у тэрмін, своечасова. Да вечара .. [мужчыны] паспелі прынесці толькі па адной вязцы. Маўр. [Брыгадзір:] — Ці чуў — радыё казала — не сёння-заўтра снег сыпане. Трэба паспець дакапаць клін, што пад ярам. Хадановіч. Часу бракавала: трэба было яшчэ паспець дзе-небудзь паснедаць, ды і хацелася хоць з паўгадзіны паблукаць па горадзе. Хадкевіч. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. тэрмін, час. Ледзь паспее вясной Чарназём адагрэцца, — Вільгаць парай клубіцца Над цёплай зямлёй... Аўрамчык. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Арцём:] — А праз паўгадзіны прыбывае калінінградскі... Мне трэба паспець... Ракітны. Ну, проста... проста не паспелі Прыбыць на аганёк. Астрэйка. Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець. Кірэенка. // Ідучы за кім‑н. услед, не адстаць у хадзьбе. [Шаевічу] і сапраўды ў такім адзенні цяжка было паспець за мной. Сабаленка.
•••
Не паспець (што‑н. зрабіць) як... — ужываецца пры абазначэнні хуткага дзеяння, нечаканага наступленне чаго‑н. Я не паспеў закрыць ілюмінатар, Як шторм запеніўся з усіх старон. Танк. Яшчэ не паспела .. [Алена] выехаць за вёсачку, як сюды прыпёр Жарстак. Колас. Не паспела пагаснуць вячэрняя зара, як на ўсходзе пабялела неба. Жычка.
паспе́шлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць паспешлівага; спешка. У хуткай нервовай хадзе адчувалася паспешлівасць. Пестрак. Кожны мазок, пакладзены на палатно, сведчыў аб паспешлівасці аўтара. Асіпенка.
паспе́шлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прывык спяшацца; які спяшаецца. [Мужчын] .. абмінала, а часам штурхалі паспешлівыя ваенныя, бурчалі, што сноўдаюцца тут усялякія. Грахоўскі. Дзімін паспакайнеў, стаў не такім паспешлівым, пачаў больш думаць. Карпаў. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. Пачуўся паспешлівы тупат. Нейкія людзі беглі ад Пальмінкі. Новікаў. Накіданыя паспешлівай рукой радкі дазваляюць нам цяпер уявіць, што ж адбылося ў Беларусі пасля абвяшчэння рэформы [1861 года]. Кісялёў. // Хуткі, таропкі, беглы. [Язэп] адразу здагадаўся, што тут здарылася без яго. Насцярожана акінуў натоўп паспешлівым позіркам, шукаючы, каго не хапае сярод жанчын. Асіпенка.
2. Неабдуманы; заўчасны. А можа трэба было не згадзіцца на гэта паспешлівае вяселле? Шамякін. Наш паважаны Сцепаненка, відаць, робіць паспешлівыя вывады... Шахавец.
паспе́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць паспешнага; спешка. А на полі жніво... Паглядзі на жняю — І паспешнасць і рупнасць у працы. Глебка.