Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак.

1. чаго. Нассоўваць у адно месца нейкую колькасць чаго‑н. Насунуць кучу лісця. □ З кулямётам трэба было быць цяпер наверсе, за брустверам, які, спяшаючыся, рабілі ўчора вечарам, насунуўшы лапатамі жвіру. Пташнікаў.

2. што. Закрыць, засланіць чым‑н. каго‑, што‑н. Хлопцы селі [у самалёт]. Лётчык насунуў над імі цэлулойдны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў. Насунуўшы на вочы шчыток, працуе электразваршчык. Дадзіёмаў. Вера нічога не адказала, толькі ніжэй насунула хустку на вочы. Федасеенка.

3. што. Разм. Надзець, уссунуць на што‑н. [Гаспадар] насунуў на ногі апоркі і выйшаў з-за шырмы. Лупсякоў. Сын неахвотна ўзняўся, насунуў шлем, апрануў новы д[о]ўгі кажух і пайшоў. Галавач.

насу́па, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Пануры, насуплены чалавек.

насу́перак, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Наперакор, не згодна з чым‑н. Гаварыць насуперак. □ Ігнат усё намагаўся, каб сказаць якое слова насуперак, але дзе там. Лынькоў. А недзе насуперак варушылася ў душы другая думка: «А ці не прылячу я назад?» Пестрак.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «насуперак» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ.

насу́пісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Хмурны, насуплены, пануры. [Хлопчык:] — Калі я прыехаў, [цётка] нават і не глянула, здаецца, на мяне. Вельмі яна нейкая насупістая была! Баранавых.

насу́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

Ссунуўшы бровы, прыняць пахмурны непрыветлівы выгляд. У малога навярцеліся слёзы, ён насупіўся і змоўк. Крапіва. Васілька адчуў нядобрае, насупіўся, гуляць не пайшоў. Быкаў. // Нахмурыцца (пра твар, бровы). Гнеўна насупіліся шырокія бровы Барыса. М. Ткачоў. Зусім нядаўна .. [Міхась] рагатаў на дарозе, бяскрыўдна кпіў, а цяпер набычыўся і твар яго насупіўся ад раздражненасць. Савіцкі.

насу́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., што.

Нахмурыць, наморшчыць (бровы, твар). Фрунзе акінуў вачыма сядзібу салдаткі-ўдавы. Пасуровеў, насупіў бровы. Гурскі.

насу́плены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад насупіць.

2. у знач. прым. Ссунуты, нахмураны (пераважна аб бровах). Грыша стаяў збялелы, заклапочаны, з насупленымі брывамі. Пестрак.

3. у знач. прым. Змрочны, суровы. [Апенька] хадзіў маўклівы і насуплены, не ўступаючы ў гаворку нават са сваімі. Навуменка.

насу́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да насупіцца.

насу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насупіць.

насу́праць і насупро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку; прама перад кім‑, чым‑н. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым, з зубчастымі карункамі па краях абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят. Мележ. — Стой! Адкуль ты і хто ты? — Стаў насупраць патруль. Бялевіч.

2. прысл. Разм. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н. Гаварыць насупраць. Рабіць насупраць.

3. прыназ. з Р і (радзей) з Д. Ужываецца для выражэння прасторавых адносін: указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку што‑н. размяшчаецца. Насупраць нашага дома працякае невялічкі ручай. Ігнаценка. Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупроць яе. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, якія перамяшчаюцца насустрач руху каго‑, чаго‑н. І я пайшоў насупраць плыні, Каб дакапацца, дзе клубок. Лужанін. Ляцеў бы ветру насупроць Раздоллем цешыўся бялёсым. Гаўрусёў.

4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння ўступальных адносін: указвае на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Хіба ж я пайду насупраць волі бацькі? □ Цямра[в]ая сіла свету старога Сплятаецца ў чорны клубок, Адна ў яе думка, мэта, дарога — Паўстаць насупроць жыцця маладога, Спыніць наш вясенні паток. Колас.

5. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння часавых адносін: указвае на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. існуе, адбываецца ці павінна адбыцца. [Мікалайчык:] Ну, дзед, шчасліва! Глядзі, каб усё расклеіў, Ды асцярожна — насупраць дня ідзеш. Кучар.

6. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін: указвае на асобу ці прадмет, з якімі што‑н. параўноўваецца. Ладымер насупроць Сымона зусім шчуплы і худы. Чорны.