насупраць і насупроць, прысл. і прыназ.
1. прысл. На процілеглым баку; прама перад кім‑, чым‑н. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым, з зубчастымі карункамі па краях абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят. Мележ. — Стой! Адкуль ты і хто ты? — Стаў насупраць патруль. Бялевіч.
2. прысл. Разм. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н. Гаварыць насупраць. Рабіць насупраць.
3. прыназ. з Р і (радзей) з Д. Ужываецца для выражэння прасторавых адносін: указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку што‑н. размяшчаецца. Насупраць нашага дома працякае невялічкі ручай. Ігнаценка. Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупроць яе. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, якія перамяшчаюцца насустрач руху каго‑, чаго‑н. І я пайшоў насупраць плыні, Каб дакапацца, дзе клубок. Лужанін. Ляцеў бы ветру насупроць Раздоллем цешыўся бялёсым. Гаўрусёў.
4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння ўступальных адносін: указвае на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Хіба ж я пайду насупраць волі бацькі? ▪ Цямра[в]ая сіла свету старога Сплятаецца ў чорны клубок, Адна ў яе думка, мэта, дарога — Паўстаць насупроць жыцця маладога, Спыніць наш вясенні паток. Колас.
5. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння часавых адносін: указвае на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. існуе, адбываецца ці павінна адбыцца. [Мікалайчык:] Ну, дзед, шчасліва! Глядзі, каб усё расклеіў, Ды асцярожна — насупраць дня ідзеш. Кучар.
6. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін: указвае на асобу ці прадмет, з якімі што‑н. параўноўваецца. Ладымер насупроць Сымона зусім шчуплы і худы. Чорны.