заступа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заступіць.
заступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак., за каго-што і без дап.
Стаць на абарону каго‑, чаго‑н. Петражыцкага не каралі. Заступіўся Сямён Калінавіч. Пташнікаў. — [Булай] заўсёды заступіцца, дапаможа, калі хто са сваіх рабочых трапіць у бяду. Шыцік.
заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.
2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.
3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.
•••
Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.
засту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Абл. Абарона, заступніцтва. — Я, вядома, не ў заступку трактарыстаў, хоць бы і таго ж Адама Бахрыма, але што праўда, то праўда! Кулакоўскі.
заступле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заступаць — заступіць (у 2 знач.).
засту́пнік, ‑а, м.
Той, хто заступаецца за каго‑н.; абаронца. Ва ўсіх творах маладога Купалы чуецца голас паэта-гуманіста, б’ецца гарачае сэрца паэта-грамадзяніна, заступніка працоўных. Івашын. — Гэта ж галасаваць неўзабаве будуць. Дык ты, брат, глядзі, галасуй за дзевяты нумар, за бальшавікоў, за Леніна. Ён — наш бядняцкі заступнік. Сабаленка.
засту́пніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да заступніка, заступніцтва. Заступніцкія словы. Заступніцкія дзеянні.
засту́пніцтва, ‑а, н.
Дзеянні заступніка, заступнікаў; абарона. Думка пра тое, каб дабіцца заступніцтва начальства, вярэдзіла душу [Глушака]. Мележ. Заступніцтва за Лізу так проста для Яшы не абышлося. Навуменка.
застыва́нне, ‑я, н.
Стан паводле дзеясл. застываць — застыць (у 1 знач.).