Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

панядзе́лак, ‑лка, м.

Першы дзень тыдня пасля нядзелі.

паняме́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.

Анямець — пра ўсіх, многіх. Смех, пабочныя гаворкі як абарваліся. Жанчыны нібы панямелі. Сабаленка.

паня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак., з кім-чым.

Разм. Няньчыцца некаторы час. Паняньчыцца з малым. □ На ўсіх палетках зазелянела, акрыяла кукуруза, але сэрца падказала Тасі Кабрынец, што яшчэ давядзецца паняньчыцца з ёю. Бялевіч.

паня́ньчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго і без дап.

Няньчыць некаторы час. Паняньчыць дзіця.

паня́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і кемлівы. Дзядзька Анікей сказаў мне: — Ты хлопец панятлівы, праз які год з цябе выйдзе кравец лепшы за мяне. Сабаленка.

паняты́, ‑ога, м.

Асоба, якая запрашаецца органамі ўлады ў якасці сведкі пры вобыску, вопісе маёмасці, аглядзе і пад. Назаўтра камісія з панятых і леснікоў налічыла па лесе больш за пяцьсот свежых пнёў. Лобан.

паня́цце, ‑я, н.

1. Адна з форм адлюстравання свету ў мысленні чалавека, якая ўзнікае як вылучэнне і абагульненне прадметаў пэўнага класа. // Разуменне, якое адлюстроўвае найбольш агульныя істотныя ўласцівасці, сувязі і адносіны прадметаў і з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці. Паняцце трохвугольніка. Паняцце прыбавачнай вартасці. □ У паняцце «беларуская мова» ўваходзіць як беларуская літаратурная мова, так і народная мова ва ўсёй сукупнасці яе разнастайных гаворак. Юргелевіч.

2. Уяўленне аб чым‑н.; веданне чаго‑н. Кожная вышывальшчыца павінна мець паняцце аб колерах. Данілевіч. // звычайна мн. (паня́цці, ‑яў). Сукупнасць поглядаў на што‑н.; ўзровень разумення чаго‑н. Па вобразу жыцця і па паняццях земляробчы клас усёй Заходняй Еўропы прадстаўляе як бы адно цэлае. Лушчыцкі. // Разм. Здольнасць разабрацца ў чым‑н.; разуменне, меркаванне. [Дзед Сымон:] — Я вось так гляджу: павінен чалавек да ўсяго мець паняцце. Лынькоў.

паня́ць, найму, поймеш, пойме; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і зразумець. Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць, паняць. Купала. Сальеры ў творчасці ўсё хацеў паняць, Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць. Багдановіч. Не ведаю, ці заахвоцілі мяне такія доказы, але з гэтае гаворкі я паняў, што людзі не роўныя. Скрыган.

•••

Паняць моду — тое, што і узяць моду (гл. узяць).