Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

затаўка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да затаўчы ​2.

затаўрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Спец. Паставіць таўро; заклеймаваць. Затаўраваць каня.

затаўсце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Абл. Зацяжараць. — Парабчанка Галіноўскіх затаўсцела, дык каб дзіцяці не было, аборт у Гартны зрабіла. Галавач.

затаўха́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Замучыць, стаміць таўхаючы. У натоўпе яго зусім затаўхалі.

затаўха́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць таўхаць.

затаўчы́ 1, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак., каго-што.

Разм.

1. Збіць да паўсмерці, да страты прытомнасці. Супакоілі.. [манаха] рыбакі, што набеглі з усіх бакоў. А былі, напэўна, злыя, бо ледзь не затаўклі кулакамі. Бажко.

2. Абл. Уціснуць, уваткнуць што‑н. куды‑н. Нарэшце засталося ўсцягнуць падушкі. Адну на другую. Каб было высока. А рагі затаўчы ў сярэдзіну. Гарбук.

затаўчы́ 2, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак., што.

Заправіць затаўкай. Затаўчы кашу здорам.

затаўчы́ 3, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак.

Разм. Пачаць таўчы.

зата́хкаць, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць тахкаць.

затачы́цца, ‑тачуся, ‑точышся, ‑тачыцца; зак.

Разм. Пралезці, праціснуцца ў глыб, у сярэдзіну чаго‑н. Затачыцца ў натоўп. □ Хацеў [Мітрафанка] кінуцца ў адрыну, затачыцца ў сена і перабыць ліхую гадзіну, дачакацца, пакуль прыйдзе бацька. Сабаленка.

затачы́ць, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Зрабіць вострым; завастрыць. Затачыць свярдзёлак.

затво́р, ‑а, м.

Частка агнястрэльнай зброі для закрывання і адкрывання канала ствала. Затвор вінтоўкі. □ Шура адцягнуў затвор, загнаў патрон у канал ствала. Навуменка.

за́ткала, ‑а, н.

Разм. Тое, чым затыкаюць якую‑н. адтуліну; затычка. Побач ляжала Шпурава біклага.., але без заткала. Чыгрынаў. Хата новая, аканіцы фарбаваныя, а замест шыбы — заткала. Рылько. // Уст. Скрутак з ануч, пакулля, якім затыкалі комін, пячную трубу (калі не было яшчэ юшак). Бегучы да дзвярэй, [Мікола] вырваў з коміна заткала і выскачыў на двор. Колас.