натушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што і чаго.
Спец. Наварыць на малым агні ў закрытай пасудзіне. Натушыць мяса. Натушыць бульбы.
натхне́нне, ‑я, н.
1. Стан творчага ўздыму. [Буйскі:] — Я пішу.. толькі ў хвіліны выключнага творчага натхнення. Шамякін.
2. Душэўны ўздым, захапленне. [Ціма] спыняецца і з натхненнем гаворыць сябру: — Ведаеш, я як вырасту, буду даследчыкам... Пальчэўскі.
натхнёнасць, ‑і, ж.
Стан і ўласцівасць натхнёнага (у 2 знач.).
натхнёны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад натхніць.
2. у знач. прым. Поўны натхнення, прасякнуты натхненнем. У чыстых крыніцах натхнёнага слова, У песеннай трэлі, Для вечнасці, спетай баянам сурова, Жыве Руставелі. Колас. Радкоў натхнёных Залатыя гронкі На роднай мове Сам пераказаў. Хведаровіч. // Які выражае натхненне (у 2 знач.). Натхнёны погляд. □ Шыманскі зірнуў на натхнёны твар дзяўчыны, і сэрца звяла. Гурскі.
натхні́цель, ‑я, м.
Той, хто натхняе. Арганізатарам і натхніцелем савецкага народа на свяшчэнную вайну супроць нямецка-фашысцкіх акупантаў была выпрабаваная ў баях вялікая Камуністычная партыя. Пятніцкі. Народ быў для Купалы яго паэтычным натхніцелем і самым аўтарытэтным цаніцелем паэзіі. Івашын.
натхні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Адчуць натхненне; прыйсці ў стан душэўнага ўздыму. — Ты што — натхніўся гэтым артыкульчыкам? — прасіпеў .. [Ваўчок], падаўшы газету Паходню, калі той сеў на сваё месца. Хадкевіч. Янка натхніўся, вочы яго заблішчалі, голас гучаў урачыста. Чарнышэвіч.
натхні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Выклікаць натхненне, творчы ўздым. // Выклікаць, абудзіць, навеяць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.); прымусіць прасякнуцца чым‑н. І ты будзеш, як матку, любіць Словы тыя, якія натхніў Гэты шорах і стукат рабін Пад вятрамі загадкавых ніў! Куляшоў.
2. Выклікаць душэўны ўздым, заахвоціць да якіх‑н. дзеянняў. [Слова] здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг. Юрэвіч. Першамайскія падарункі Радзіме яшчэ больш натхнілі дружны шахцёрскі калектыў. Кулакоўскі. Лазавенка пасылаў.. [на будоўлю] лепшых людзей і лічыў, што яны павінны натхніць, пацягнуць за сабой усіх астатніх. Шамякін.
натхня́льны, ‑ая, ‑ае.
Які абуджае, выклікае натхненне. Падцягнуўся калектыў, вялікі давер натхняў, бадзёрыў. Узялі абавязацельствы працаваць яшчэ лепш, каб яшчэ больш было надзеі неўзабаве звацца ўдарнікамі камуністычнай працы. А тут яшчэ адзін натхняльны стымул: полацкія калегі выклікалі на спаборніцтва. Кулакоўскі.
натхня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да натхніцца.
2. Зал. да натхняць.