засу́шлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які суправаджаецца засухай. Засушлівы год. Засушлівае лета.
2. У якім часта бываюць засухі. Засушлівыя раёны.
засушы́цца, ‑сушыцца; зак.
Страціўшы вільгаць, зрабіцца сухім. Кветкі добра засушыліся.
засушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.
1. Зрабіць сухім; высушыць. Засушыць кляновы ліст. Засушыць рыбіну.
2. перан. Разм. Пазбавіць жывасці, яркасці, выразнасці. Засушыць спектакль. □ Кірыла сумна ўсміхнуўся: ён не вельмі багаты на метафары і параўнанні. Заўсёды пакутліва шукаць іх, каб былі трапныя, арыгінальныя. Ён вінаваціць газету — яна засушыла. Шамякін.
3. перан. Разм. Прыпыніць, спыніць, развіццё чаго‑н. Засушыць ён можа справу, — І цябе й тваю заяву — Пад сукно. Крапіва.
за́сцежка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Тое, што і зашпілька. Маленькі жвавы Прэдка ў спартыўнай лёгкай куртачцы, расхрыстанай на ўсю засцежку-маланку, збянтэжана зірнуў на Бялоцкага. Дуброўскі.
засце́нак 1, ‑нка, м.
Месца жорсткіх катаванняў у час следства і допыту ў Маскоўскай Русі (гіст.). // Пра жандарскія, фашысцкія і пад. установы, дзе праводзяцца допыты з катаваннямі арыштаваных. Маці гэтых дзяцей была падпольшчыца, у торбе з жытам яна разносіла лістоўкі і загінула ў фашысцкіх засценках смерцю гераіні. Кулакоўскі.
засце́нак 2, ‑нка, м.
Гіст.
1. Землі, якія не ўвайшлі ў сялянскія надзелы пасля ўвядзення ў Рэчы Паспалітай валочнай сістэмы землекарыстання (1557 г.).
2. Хутар або невялікае паселішча дробнай шляхты, якая арандавала гэтыя землі. Ідзе Міхал, прад ім сяліба, Засценак добра так знаёмы, І хоць няважныя харомы Тут гэта шляхта збудавала, Але жыве і гора мала! Колас. Не ведаю чаму, але стачынцы называлі сваю вёску засценкам. Можа таму, што ўсе яны былі з шляхты: розныя Стычынскія, Мысліцкія, Бранавіцкія і іншыя бедакі з радавітымі прозвішчамі. Чарнышэвіч.
засце́ньвацца, ‑аецца; незак.
Разм. Зацягвацца, засланяцца чым‑н. Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў. Колас.
засце́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм. Засланяць сабой.
засцерага́льнік, ‑а, м.
Прыстасаванне ў механізме, якое засцерагае ад небяспечных дзеянняў чаго‑н. Электрычны засцерагальнік.
засцерага́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для засцярогі ад чаго‑н. Засцерагальная прышчэпка. Засцерагальныя сігналы. Засцерагальны клапан.
засцерага́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. засцерагаць — засцерагчы.