Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Выявіць што‑н. пастукваннем. Настукаць пустату 2 сцяне.

2. Разм. Надаваць кухталёў; набіць.

насту́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да настукаць (у 1 знач.).

на́ступ, ‑у, м.

1. Тое, што і наступленне ​1. Лескавец помніў, як .. [хвойнік] садзілі, каб затрымаць наступ пяску на ўрадлівыя палі. Шамякін. Стала вядома, што нашы войскі пераходзяць у наступ. Грамовіч. — Што гэта за допыт? — пераходзячы ў наступ, спытаў Бабейка. Хадкевіч.

2. Тое, што і наступленне ​2. З наступам сярэдневяковай рэакцыі купальскія звычаі сталі паўсямесна праследавацца царквой і дзяржавай. Ліс.

наступа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць наступальнага. [Ворага] можна перамагчы наступальнасцю, смеласцю, рашучасцю. Сабалеўскі. Звыклы цярпець, захоплены наступальнасцю, рытмам касьбы, .. [Васіль] як бы неахвотна спыняўся, выпростваўся, каб памянташыць касу. Мележ.

наступа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае характар наступлення, з’яўляецца наступленнем (у 1 знач.). Наступальныя дзеянні. Наступальная аперацыя. // Звязаны з наступленнем на каго‑, што‑н.; баявы, рашучы. Перад Андрэем паўставаў чалавек — плячысты, прысадзісты, .. спрытны і наступальны. Пестрак.

наступа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. наступаць ​1 (у 1, 4 знач.).

наступа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да наступіць ​1.

2. Ведучы актыўныя ваенныя дзеянні, рухацца наперад, весці наступленне ​1 (у 2 знач.). Чырвоная Армія хутка пачне наступаць. Чорны. Наступаць танкісты маглі толькі па спецыяльных дарогах. Мележ. // Весці актыўныя дзеянні з якой‑н. мэтай. [Андрэй Міхайлавіч] хадзіў па пакоі.., расказваючы Вісарыёну аб тым, як зменяць свой шлях рэкі, як каналы збяруць стаячыя балотным завадзі, як будзе наступаць чалавек, як будзе адыходзіць вялікае балота. Самуйлёнак.

3. Падступаць да каго‑н. з просьбамі, пагрозамі і пад. — Вы мне кажыце праўду, чуеце? Чыстую праўду, — горача наступала панна Людміла. Колас.

4. перан. Набліжацца да чаго‑н., распаўсюджвацца, насоўвацца на што‑н. Лес дажываў апошнія дні. З таго боку, ад шашы, на яго наступаў рабочы пасёлак. Асіпенка. Хвалі з белымі грабянямі з шумам наступаюць на пясчаны бераг. В. Вольскі.

•••

Наступаць на пяты каму — даганяць каго‑н.

наступа́ць 2, ‑ае.

Незак. да наступіць ​2.

наступа́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад наступаць ​1.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які вядзе наступленне. Мікіта Палазок быў на левым флангу наступаючай часці. Колас.

3. у знач. наз. наступа́ючы, ‑ага, м. Той, хто наступае. Шарэнгі наступаючых.

4. Дзеепрысл. незак. ад наступаць ​1.

наступі́ць 1, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

Ступіць, стаць на каго‑, што‑н. Асцярожна, каб на каго-небудзь не наступіць, [Шура] прабіраецца да месца, адкуль даносяцца галасы. Навуменка. Хай позні чмель гудзе мажорным басам, Разбуджаны расінкаю ўначы. Ты на яго не наступі абцасам, Юнак, з сваёй любоўю ідучы. Пысін.

•••

Мядзведзь на вуха наступіў гл. мядзведзь.

Наступіць на (любімы) мазоль каму — закрануць тое, што асабліва хвалюе каго‑н., выклікае боль, пакуты.

Наступіць на нагу каму — ушчаміць чые‑н. інтарэсы.

наступі́ць 2, ‑ступіць; зак.

Надысці, настаць. Наступілі халады. Смерць наступіла імгненна. □ Наступіла працяглая маўклівая паўза: усе меркаванні і здагадкі ўжо былі выказаны да з’яўлення Шэмета, і цяпер ніхто не адважваўся іх паўтараць. Лобан.

наступле́нне 1, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. наступаць ​1 (у 4 знач.). Наступленне раслін на азярко пашыралася з усіх бакоў. Асака і гарлачыкі запаланілі ўсё люстра. В. Вольскі.

2. Баявыя дзеянні войск супраць праціўніка з мэтай руху наперад. Чырвоная Армія перайшла ў рашучае наступленне і забірае ад фашыстаў горад за горадам. Купала. Імклівае наступленне нашых войск змяло франтавую лінію. Шахавец. // перан. Актыўныя дзеянні, якія робяцца кім‑н. з якой‑н. мэтай. Адважныя людзі Савецкай краіны Пайшлі ў наступленне на тайны прыроды... Колас.

наступле́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. наступіць ​2.