Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

законапалажэ́нне, ‑я, н.

Закон або сукупнасць законаў у якой‑н. галіне права.

законапрае́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Праект закона, які даецца на зацвярджэнне заканадаўчым органам.

зако́нна,

1. Прысл. да законны (у 1 знач.).

2. у знач. вык. Справядліва, па закону. — А што калі мая дачка сотак пяць у лядзе проса пасеяла, дык то ж законна, яна работніца лясгаса. Сіўцоў.

зако́ннасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць законнага; адпаведнасць закону (у 1 знач.). Законнасць пастановы. Законнасць патрабаванняў.

2. Няўхільнае выкананне законаў усімі дзяржаўнымі органамі, грамадскімі арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Сацыялістычная законнасць.

зако́ннік, ‑а, м.

Разм.

1. Знаўца законаў (у 1 знач.); заканазнавец. Усе цельшынскія законнікі і законніцы сышліся тут і горача судзілі погляды супраціўнага стану. Колас.

2. Той, хто строга прытрымліваецца закона. — Па закону ноччу не прыходзяць. — Законнік, — прамовіў раздражнёна Віктар. Лобан.

зако́нніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да законнік.

зако́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае закону (у 1 знач.), грунтуецца на законе. Законна дакумент. На законных падставах.

2. Які мае падставу; справядлівы, абгрунтаваны. Законны гонар. Законны папрок.

•••

Законны шлюб гл. шлюб.

зако́нчанасць, ‑і, ж.

Стан закончанага. Закончанасць думкі. Закончанасць вобраза. □ Аўтар хоча давесці свой твор да ўзорнай закончанасці, да найбольшай злітнасці формы з ідэяй. Чорны.

зако́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад закончыць.

2. у знач. прым. Які мае неабходную паўнату, цэласнасць. Закончаная думка. Закончаны сказ. Закончаны вобраз.

3. у знач. прым. Які дасягнуў дасканаласці ў сваёй справе, канчаткова сфарміраваўся. Закончаны майстар. Закончаны мастак.

•••

Закончанае трыванне гл. трыванне.

зако́нчыцца, ‑чыцца; зак.

Прыйсці к канцу; завяршыцца, скончыцца. Заняткі закончыліся. Жніво закончылася. □ Новага старшыню павіншавалі апладысментамі, і на гэтым сход закончыўся. Шахавец.