Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падсумава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падсумаваць.

падсумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., што.

Падвесці падрахунак чаму‑н., падлічыць агульную суму. Падсумаваць выдаткі. // Абагульніць сказанае. Прынцыповым трэба быць у першую чаргу да сябе, — падсумаваў Рыгор свае разважанні. Арабей.

падсу́мак, ‑мка, м.

Невялікая сумка для патронаў, якая носіцца на поясе. Каб не вельмі пакутаваць у маўчанні, шафёр пачаў аглядаць свой карабін, падсумак з абоймай і гранаты. Кулакоўскі. З павязанай галавой, з падсумкам ля пояса і з вінтоўкай у руцэ, грозны і суровы, стаяў.. [Тарыел] наперадзе маўклівай, цеснай грамадкі ўзброеных людзей. Самуйлёнак.

падсу́мачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падсумка. Падсумачны рэмень.

падсумо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсумоўваць — падсумаваць.

падсумо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падсумоўваць.

падсумо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падсумаваць.

падсу́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падсунуць.

падсу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Сунучыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н.; прысунуцца. Галя адчула блізкасць Станіслава, і ёй стала так добра, так утульна, што яна нават сама трошкі падсунулася да яго. Сабаленка. Нарэшце.. [Міхаська] выбраўся з-пад елкі ўвесь і бокам падсунуўся да вогнішча. Сіняўскі. Капітан Рыбін падсунуўся з крэслам да стала і сказаў: — Ну, пачнём... Пестрак.

падсу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; прысунуць. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго падсунулі да самага стала. Шамякін.

2. Засунуць пад што‑н. Маці выгнала з хаты парсюка, памыла рукі і падсунула нагою карыта пад лаўку. Галавач.

3. Непрыкметна падлажыць што‑н. Хмара выбраў некалькі паперак і працягнуў Крамнёву.. — Зможаш усё гэта ўмела падсунуць немцам? — спытаў Хмара, калі Крамнёў дачытаў усё да канца. — Пастараюся. Шашкоў. // Разм. Карыстаючыся чыёй‑н. няўважлівасцю, даць што‑н. фальшывае, непатрэбнае, непрыдатнае. — Вы падпісалі пратакол агляду месца здарэння. А там напісана, што пыл не патрывожаны. — Падсунулі, дык і падпісаў не чытаючы, — буркнуў Арэшка. Капусцін. [Упраўляючы:] — Адмаўляйся ад дошак. Там хітрыя ўсе: падсунуць абы-што, а тады скажуць — фонды вы свае выбралі. Беразняк.

4. Разм. Даць хабар. Сёй-той гаварыў, што не хвароба выратавала Драча ад акопаў, а грошы, якія той падсунуў пану доктару. П. Ткачоў.

•••

Камар носа не падсуне гл. камар.

Падсунуць свінню — тое, што і падлажыць свінню (гл. падлажыць).