падсу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; прысунуць. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго падсунулі да самага стала. Шамякін.

2. Засунуць пад што‑н. Маці выгнала з хаты парсюка, памыла рукі і падсунула нагою карыта пад лаўку. Галавач.

3. Непрыкметна падлажыць што‑н. Хмара выбраў некалькі паперак і працягнуў Крамнёву.. — Зможаш усё гэта ўмела падсунуць немцам? — спытаў Хмара, калі Крамнёў дачытаў усё да канца. — Пастараюся. Шашкоў. // Разм. Карыстаючыся чыёй‑н. няўважлівасцю, даць што‑н. фальшывае, непатрэбнае, непрыдатнае. — Вы падпісалі пратакол агляду месца здарэння. А там напісана, што пыл не патрывожаны. — Падсунулі, дык і падпісаў не чытаючы, — буркнуў Арэшка. Капусцін. [Упраўляючы:] — Адмаўляйся ад дошак. Там хітрыя ўсе: падсунуць абы-што, а тады скажуць — фонды вы свае выбралі. Беразняк.

4. Разм. Даць хабар. Сёй-той гаварыў, што не хвароба выратавала Драча ад акопаў, а грошы, якія той падсунуў пану доктару. П. Ткачоў.

•••

Камар носа не падсуне гл. камар.

Падсунуць свінню — тое, што і падлажыць свінню (гл. падлажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)