Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і ‑сучу, ‑сучаш, ‑сучаць; заг. насучы; зак., чаго.

Зрабіць, вырабіць у якой‑н. колькасці суканнем. Насукаць нітак. □ Я плакаў, што не магу напісаць так, як.. [маці] хочацца. Ды і наогул лягчэй было мне насукаць дратвы на сто пар ботаў, чым напісаць адзін ліст. Гарэцкі.

насу́квацца, ‑аецца; незак.

Зал. да насукваць.

насу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насукаць.

насумава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

Разм. Пасумаваць многа, доўга. Як усе насумаваліся па.. [сонцы] за доўгую палярную ноч! Бяганская.

насу́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад насунуць.

насу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Рухаючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. — Хмараю насунулася войска... Патапталі нашы палі і паплавы. Гартны. На самалёт насунулася рэдкая імжа з дробных пясчынак. Шыцік. // перан. Надысці, наблізіцца (пра час, падзеі і пад.). Неяк адразу насунулася асенняя ноч. Грахоўскі. Было маленства, а пасля яго адразу насунулася сталасць. Чарнышэвіч.

2. Рухаючыся, закрыць, засланіць сабою. Некалі, тысячагоддзі назад, шумелі тут трапічныя лясы. Потым насунуўся ляднік, усё жывое замерла. Навуменка. Дзень быў няроўны: то пасвятлее, то зноў насунуцца нізкія кужэльныя хмары. Мележ. // Ссунуўшыся, закрыць сабой што‑н. На дзвюх табурэтках, захутанае ў цёплую коўдру, варушылася малое. З-пад хусткі, што насунулася яму на тварык, ружавеў носік. Гаўрылкін.

3. Разм. Нечакана апынуцца перад кім‑, чым‑н., наткнуцца, наскочыць на каго‑, што‑н. Адразу тры аўтамашыны насунуліся адна на адну. Новікаў. Стаяла такая цемра, што хоць на ваўка насунься. Кірэйчык.

насу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак.

1. чаго. Нассоўваць у адно месца нейкую колькасць чаго‑н. Насунуць кучу лісця. □ З кулямётам трэба было быць цяпер наверсе, за брустверам, які, спяшаючыся, рабілі ўчора вечарам, насунуўшы лапатамі жвіру. Пташнікаў.

2. што. Закрыць, засланіць чым‑н. каго‑, што‑н. Хлопцы селі [у самалёт]. Лётчык насунуў над імі цэлулойдны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў. Насунуўшы на вочы шчыток, працуе электразваршчык. Дадзіёмаў. Вера нічога не адказала, толькі ніжэй насунула хустку на вочы. Федасеенка.

3. што. Разм. Надзець, уссунуць на што‑н. [Гаспадар] насунуў на ногі апоркі і выйшаў з-за шырмы. Лупсякоў. Сын неахвотна ўзняўся, насунуў шлем, апрануў новы д[о]ўгі кажух і пайшоў. Галавач.

насу́па, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Пануры, насуплены чалавек.

насу́перак, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Наперакор, не згодна з чым‑н. Гаварыць насуперак. □ Ігнат усё намагаўся, каб сказаць якое слова насуперак, але дзе там. Лынькоў. А недзе насуперак варушылася ў душы другая думка: «А ці не прылячу я назад?» Пестрак.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «насуперак» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ.

насу́пісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Хмурны, насуплены, пануры. [Хлопчык:] — Калі я прыехаў, [цётка] нават і не глянула, здаецца, на мяне. Вельмі яна нейкая насупістая была! Баранавых.