насу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Рухаючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. — Хмараю насунулася войска... Патапталі нашы палі і паплавы. Гартны. На самалёт насунулася рэдкая імжа з дробных пясчынак. Шыцік. // перан. Надысці, наблізіцца (пра час, падзеі і пад.). Неяк адразу насунулася асенняя ноч. Грахоўскі. Было маленства, а пасля яго адразу насунулася сталасць. Чарнышэвіч.

2. Рухаючыся, закрыць, засланіць сабою. Некалі, тысячагоддзі назад, шумелі тут трапічныя лясы. Потым насунуўся ляднік, усё жывое замерла. Навуменка. Дзень быў няроўны: то пасвятлее, то зноў насунуцца нізкія кужэльныя хмары. Мележ. // Ссунуўшыся, закрыць сабой што‑н. На дзвюх табурэтках, захутанае ў цёплую коўдру, варушылася малое. З-пад хусткі, што насунулася яму на тварык, ружавеў носік. Гаўрылкін.

3. Разм. Нечакана апынуцца перад кім‑, чым‑н., наткнуцца, наскочыць на каго‑, што‑н. Адразу тры аўтамашыны насунуліся адна на адну. Новікаў. Стаяла такая цемра, што хоць на ваўка насунься. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)