Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

засло́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад засланіць.

засло́нка,

гл. засланка.

заслу́га, ‑і, ДМ ‑слузе, ж.

Дзейнасць, учынак, вартыя павагі, высокай ацэнкі. Атрымаць па заслугах. Якая заслуга, такая і пашана. □ Заслуга пісьменніка ў тым, што ён убачыў галоўнае ў .. рэчаіснасці, у мастацкіх вобразах раскрыў сутнасць яе. Арабей.

заслуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да заслужыць (у 1 знач.).

2. Быць вартым чаго‑н. Прапанова заслугоўвае ўвагі.

заслу́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заслужыць.

2. у знач. прым. Дасягнуты працай, заслугамі. Заслужаная ўзнагарода. Заслужаная падзяка. Заслужаны адпачынак. // Атрыманы ў адпаведнасці з паводзінамі, учынкамі; справядлівы. Заслужаная кара. Заслужаная помста. Заслужаны дакор.

3. у знач. прым. Які мае вялікія заслугі; паважаны, ганаровы. Заслужаны чалавек. Заслужаны працаўнік. // Уваходзіць у склад ганаровага звання, якое прысвойваецца ўрадам за заслугі ў галіне навукі, мастацтва, спорту і пад. Заслужаны дзеяч культуры. Заслужаны майстар спорту. Заслужаны настаўнік рэспублікі.

заслу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заслужыць.

заслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак., што.

1. Дзейнасцю, паводзінамі выклікаць пэўныя адносіны да сябе; стаць вартым чаго‑н. Заслужыць любоў. Заслужыць павагу. □ Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас.

2. Набыць права на што‑н. службай, працай; атрымаць за службу, працу. Заслужыць права на адпачынак. Заслужыць медаль.

заслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Слухаючы што‑н., захапіцца, забыць на ўсё. Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько.

заслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Выслухаць каго‑н. або што‑н. (на сходзе, пасяджэнні і пад.). Заслухаць справаздачу. □ Старшынёй абралі Ніну. Заслухалі Туміліна і Баўтрукова. Савіцкі.

заслу́хванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. заслухваць — заслухаць.