Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

палічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.

1. Зрабіць узаемныя грашовыя разлікі; шчодра разлічыцца. За працу і насенне я не палічуся — свае людзі. Сіўцоў.

2. перан. Адпомсціць, адплаціць каму‑н.; паквітацца за што‑н. Уваходзіць Чыбук.. Упіраецца позіркам ў Адзінцова. А, ваша благароддзе! Ну, прыйшла чарга палічыцца! Мележ.

3. Прыняць у разлік каго‑, што‑н.; ўлічыць. — Нельга ж быць такім, — нарэшце скаваў бацька. — Табе не падабаецца [елка], але ж ты павінен палічыцца з сястрой. Мяжэвіч. — Усё тут шыта белымі ніткамі, усё пабудована на домыслах і галаслоўных даносах агентаў. Даказаць гэта на судзе будзе лягчэй лёгкага. Але наўрад ці прыме суд пад увагу нашы доказы і палічыцца з імі. Машара.

палічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць падлік; злічыць. Дзяўчына адчыніла чорны бліскучы радыкюльчык, дастала з яго маркі, палічыла, аддала Косціку. Арабей.

2. Прыйсці да якой‑н. думкі аб чым‑н.; вырашыць. Аставацца тут на прывале Букрэй палічыў небяспечным. Колас. Усе палічылі, што Нічыпар проста змарыўся. Асіпенка. // што. Расцаніць, успрыняць якім‑н. чынам. Мікіта не заўважыў іранічнага тону і палічыў бацькаў адказ за добры знак. Колас. // за каго-што. Прыняць каго‑н. за каго‑н. іншага, за што‑н. іншае. — Я зацікавіўся Бабровым пасля таго, як мяне аднойчы палічылі за яго. Гамолка. // кім, за каго. Уявіць сябе або каго‑н. у якой‑н. ролі, якасці. [Ланге:] Ты палічыў сябе кіраўніком і вырашыў, што толькі тваё жыццё — жыццё, а таварышаў... Маўзон.

3. каго-што і без дап. Лічыць некаторы час. Палічыць на лічыльніках.

•••

Палічыць рэбры — пабіць, збіць каго‑н.

палішыне́ль, ‑я, м.

Камічны персанаж французскага народнага тэатра.

•••

Сакрэт палішынеля гл. сакрэт.

[Фр. polichinelle ад іт. pulcinella.]

паліэ́др, ‑а, м.

Спец. Геаметрычнае цела, абмежаванае з усіх бакоў плоскімі многавугольнікамі; шматграннік.

[Ад грэч. polyedros — мнагагранны.]

паліяты́ў, ‑тыву, м.

Кніжн.

1. Лякарства або іншы сродак, які дае часовую палёгку хвораму, але не вылечвае хваробы.

2. перан. Сродак, які ўяўляе сабой частковае вырашэнне задачы, які дае часовы выхад з цяжкага становішча.

[Фр. palliatif.]

паліяты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца паліятывам. Паліятыўныя меры.

па́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў. Выразаць палку. □ Неўзабаве вёскаю, пасярод вуліцы, ішоў чалавек — у лапцях, шарачковых портках і старым суконным палітоне. На плячы, на сукаватай палцы, торбачка з хлебам. Крапіва. Двое другіх калгаснікаў насыпалі сечку ў цабэркі.., нанізвалі цабэркі на доўгую тоўстую палку і неслі каровам. Колас. // Аб такім адпаведна апрацаваным прадмеце, які ўжываецца як апора пры хадзьбе або для іншых мэт. Клопікаў апранаўся ў лепшы свой пінжак, насоўваў на галаву стары, [пазелянелы] ад старасці і часу кацялок і, абапіраючыся на такую ж старую палку-крывулю,.. важна выходзіў на вуліцу. Лынькоў. Зіна палезла на палкі, вырвалася на [лыжах] наперад. Шыцік. // звычайна мн. (па́лкі, ‑лак); перан. Пра палачныя ўдары, пабоі. Свату першая чарка і першая палка. Прыказка. // перан. Пра гвалт, прымус. Вам з нараджэння невядома Нядоля палкі і ярма. Глебка.

•••

З-пад палкі — быць вымушаным, пад прымусам (рабіць, выконваць што‑н.).

Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай гл. кій.

Палка з двума канцамі — пра тое, што можа скончыцца і добра і дрэнна.

Перагнуць палку гл. перагнуць.

Устаўляць (ставіць) палкі ў колы гл. устаўляць.

палкаво́дзец, ‑дца, м.

Камандуючы вялікімі аператыўна-стратэгічнымі вайсковымі злучэннямі, флотам і пад.; военачальнік. Вялікі рускі палкаводзец Сувораў. □ Рымскі палкаводзец у выгнанні сядзіць задуменны, схіліўшы галаву без шалома, на паваленай, засыпанай пяском калоне. В. Вольскі.

палкавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да палка, належыць палку. Палкавы камандзір. Палкавы аркестр. □ Палкавы сцяг заўсёды ў палку павінен быць. Карпаў.

па́лкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць палкага. Малады, энергічны,.. [Алесь] палкасцю сваіх слоў умеў пераканаць сялян у праўдзівасці таго, пра што казаў, і яны паважалі яго за гэта. Галавач. Чуеш сэрца ўстрывожаны стук, Бачыш палкасць гарачых вачэй... Таўбін.