Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

засто́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да застолля. [Алесь] адчуў сябе там, у іх шумнай застольнай кампаніі пакутліва чужым... Брыль. // Які адбываецца за сталом у час абеду, святочнага частавання і пад. Застольныя размовы. Застольныя песні.

2. у знач. наз. засто́льная, ‑ай, ж. Песня, якую спяваюць у час святочнага абеду, вячэры і пад. Пець застольную.

засто́парыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Спыніцца, спыніць сваю дзейнасць. Калі застопарылася адна з машын, у ваду пайшлі вадалазы. Лынькоў. // перан. Разм. Затрымацца ў сваім руху, развіцці. Работа застопарылася.

засто́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. што. Спыніць ход, дзейнасць (механізма, машыны і пад.). Застопарыць кола. // перан. Разм. Затрымаць ход, развіццё чаго‑н. У адной сям’і напярэдадні спраўлялі вяселле. Дык вось гэтыя маладажоны ўсю справу застопарылі. Апрача іх, не з’явіўся адзін чыгуначнік. Паслядовіч.

2. Разм. Тое, што і застопарыцца. Машына застопарыла.

застраката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Пачаць стракатаць.

застракаце́ць, ‑ціць; зак.

1. Вылучыцца сваім стракатым колерам, паказацца (пра што‑н. стракатае). І як пачало прыграваць сонца, застракацеў на гасцінцы нязвычны вялікі натоўп з самотным коннікам наперадзе. Шынклер. Поезд мінуў Краснае, з размаху ўварваўся ў лес, і пад адхонам застракацелі маладой зелянінай бярозавыя кусцікі. Пестрак.

2. Замільгаць перад вачамі, у вачах (пра што‑н. шматлікае, яркае). Такая іх [сняжынак] была безліч, што ўсё застракацела перад вачамі. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У Косці аж застракацела ў вачах ад рознакаляровых бантаў у паненак і рознакаляровай вопраткі ў панічоў. Карпюк. // перан. Пачаць часта паяўляцца, сустракацца. Імя акцёра застракацела на афішах.

3. Стаць стракатым ад чаго‑н. Застракацелі кветкамі бульвары. □ Загаманілі сенажаці, застракацелі кашулямі белымі, хусткамі ровнакаляровымі. Кірэйчык.

застрака́ціцца, ‑каціцца; зак.

Разм. Стаць стракатым ад чаго‑н., застракацець. [Партызан:] — Бачу — ляцяць са стрэльбамі ў руках нашы вяскоўцы, чалавек дзесяць. За імі — яшчэ. А праз хвіліну якую — агарод застракаціўся ад людзей. Якімовіч.

застрака́ціць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; зак., што.

Разм. Зрабіць стракатым. І не было на кажусе ні аднаго жывога месца: так застракацілі яго белыя і чорныя ніткі і так патыкала яго іголка. Колас.

застраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Разм. Пачаць страляць.

застрамі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што.

Увагнаць стрэмку. Застраміць палец. Застраміць нагу.

застрахава́ны і застрахо́ваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад застрахаваць.