заскры́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць скрыгаць. // Скрыгануць некалькі разоў запар; праскрыгатаць. Заскрыгаў паручнік зубамі, збялеў. Дубоўка.
заскры́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць скрыпаць. // Скрыпнуць, праскрыпаць. Гармонік заскрыпаў і сціх.
заскрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Пачаць скрыпець. // Скрыпнуць, праскрыпець. Вось ужо Малання пайшла на работу: Ігнат чуў, як заскрыпелі вароты. Мележ.
заскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. заскроб, ‑скрэбла; зак.
Пачаць скрэбці.
заскрэ́бціся, ‑скрабуся, ‑скрабешся, ‑скрабецца; ‑скрабёмся, ‑скрабяцеся; пр. заскробся, ‑скрэблася; зак.
Пачаць скрэбціся.
заскуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
Пачаць скуголіць. // Праскуголіць. Дзесь птушка зрэдку заскуголіць Ды пераклікнуцца драчы. Колас.
заску́рны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца за скурай; падскурны.
засла́бы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Слабаваты, слабейшы, чым трэба. Замест тых двух сяброў, што заслабыя для рызыкі, ёсць новы, дужы. Брыль.
заслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; зак.
1. Засланіць сябе чым‑н. Засланіцца шчытом ад удару. Засланіцца рукой ад сонца.
2. Аказацца нябачным, заслоненым чым‑н. Адна жоўтая лапінка ўвесь час паказваецца праз лісце. Мільгне, на момант заслоніцца, а потым зноў ярка жаўцее, амаль свеціцца, як уначы агонь машыны. Кулакоўскі.
3. перан. Адысці на задні план. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Колас.
заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.
1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.
2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.
•••
(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.