падсква́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падскварыць.
падсква́рыцца, ‑рыцца; зак.
Скварачыся, стаць гатовым. Сала добра падскварылася.
падсква́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што і чаго.
Прыгатаваць для ежы сквараннем. Падскварыць крыху сала.
падскі́вічны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, размешчаны пад сківіцай. Падсківічная залоза.
падско́к, ‑у, м.
1. Скачок. Сабака плыў, а там, дзе было плытка, скакаў, робячы часам асабліва высокі падскок над сітнягамі, каб убачыць, дзе гаспадар. Караткевіч.
2. Разм. Прытанцоўванне. Пайшла «Лявоніха» з падскокам, Развёўшы рукі ў бакі. Чарняўскі.
3. у знач. прысл. падско́кам. Падскакваючы. Грыша схапіў кашулю і падскокам, вылецеў з пакоя. Пестрак.
падско́кванне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падскокваць — падскочыць (у 1, 3 знач.), падскакаць (у 1 знач.).
2. Разм. Прытанцоўванне.
падско́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да падскочыць.
2. Незак. да падскакаць.
3. Разм. Тое, што і падскакваць (у 3 знач.). А дзіцё разгулялася. Яно падскоквала на каленях у маці, цягнулася да саламянага капелюша пажылога дзядзькі. Корбан.
падско́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Зрабіць невялікі скачок уверх; падскочыць. Кацёлка спачатку падскокнула ўгору,.. потым апусцілася на дол і з гудам роўна пайшла проста на Валодзю. Якімовіч. Заяц падскокнуў і расцягнуўся. П. Ткачоў.
падско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. падскоч; зак.
1. Зрабіць скачок уверх. [Мяч] падскочыў раз, другі, трэці і пакаціўся. Юрэвіч. Бусел з перапуду падскочыў на месцы, міжвольна распасцёр крылы, але тут жа зноў падцяў іх, каб не ўзняцца з гнязда. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Рэзка падняцца, павялічыцца. Падскочыла тэмпература. Цэны падскочылі. □ Падскочыць градусаў да трох Апоўначы марозік. Калачынскі. // Раптам з’явіцца. Падскочыла запаленне лёгкіх, і на што ўжо быў .. [дзед Тумаш] здаровы, а на чацвёртыя суткі зусім аслаб. Машара.
3. Наблізіцца скачкамі; хутка падбегчы, пад’ехаць да каго‑, чаго‑н. Прыстаў.. падскочыў да жанчыны ззаду, паваліў на зямлю, крутануў за руку, адводзячы ад пана паліцмайстра стрэлы. Мехаў. Лук’ян насцярожана падскочыў да акна. Усе падняліся з месца. М. Ткачоў. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Лынькоў. // Разм. Хутка з’ездзіць, схадзіць куды‑н. [Антон:] — Ты пабудзь тут з таварышамі, а я падскочу на станцыю. Новікаў. [Хведар:] — Заўтра прывязём бензін, а сёння мне трэба са Сцяпанам у адно месца падскочыць. Асіпенка. // Разм. Падысці, пад’ехаць у патрэбны момант; падаспець. Добра, што падскочылі людзі, інакш бы ім абодвум былі канцы ў той багне. Сабаленка.
падскраба́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да падскрабаць.