падско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. падскоч; зак.
1. Зрабіць скачок уверх. [Мяч] падскочыў раз, другі, трэці і пакаціўся. Юрэвіч. Бусел з перапуду падскочыў на месцы, міжвольна распасцёр крылы, але тут жа зноў падцяў іх, каб не ўзняцца з гнязда. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Рэзка падняцца, павялічыцца. Падскочыла тэмпература. Цэны падскочылі. □ Падскочыць градусаў да трох Апоўначы марозік. Калачынскі. // Раптам з’явіцца. Падскочыла запаленне лёгкіх, і на што ўжо быў .. [дзед Тумаш] здаровы, а на чацвёртыя суткі зусім аслаб. Машара.
3. Наблізіцца скачкамі; хутка падбегчы, пад’ехаць да каго‑, чаго‑н. Прыстаў.. падскочыў да жанчыны ззаду, паваліў на зямлю, крутануў за руку, адводзячы ад пана паліцмайстра стрэлы. Мехаў. Лук’ян насцярожана падскочыў да акна. Усе падняліся з месца. М. Ткачоў. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Лынькоў. // Разм. Хутка з’ездзіць, схадзіць куды‑н. [Антон:] — Ты пабудзь тут з таварышамі, а я падскочу на станцыю. Новікаў. [Хведар:] — Заўтра прывязём бензін, а сёння мне трэба са Сцяпанам у адно месца падскочыць. Асіпенка. // Разм. Падысці, пад’ехаць у патрэбны момант; падаспець. Добра, што падскочылі людзі, інакш бы ім абодвум былі канцы ў той багне. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)