Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

засе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і засядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Разм.

1. Забрудзіць адходамі (пра насякомых, птушак). Мухі заседзелі шкло.

2. Доўга або нязручна седзячы, давесці (нагу, ногі) да амярцвення, здранцвення. Заседзець нагу.

засе́йвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да засеяцца.

2. Зал. да засейваць.

засе́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да засеяць ​1.

засе́к, ‑а, м.

Адгароджанае месца ў свірне, клеці для захавання збожжа, мукі. З калгасных палёў усё даўно прыбрана, звезена ў гумны і абмалочана, высокія засекі напоўнены збожжам. Шахавец.

засе́ка, ‑і, ДМ ‑сецы; Р мн. ‑сек; ж.

Штучнае ўмацаванне са ссечаных дрэў, звернутых верхавінамі ў бок непрыяцеля. Партызанскія засекі.

засе́кчы 1,

гл. засячы ​1.

засе́кчы 2,

гл. засячы ​2.

засе́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад засяліць.

2. у знач. прым. Поўнасцю заняты жыхарамі. Заселены дом. Заселены край.

засе́льнік, ‑а, м.

Той, хто засяляе які‑н. край, мясцовасць; пасяленец. Першыя засельнікі Сібіры.

за́сень, ‑і, ж.

Месца, закрытае чым‑н. ад прамянёў сонца. Ад спёкі абвісае лісце на дрэвах, хаваюцца ў засені звяры і птушкі. Асіпенка.

засерабры́цца, ‑роцца; зак.

1. Пачаць серабрыцца; зрабіцца серабрыстым. Неба на міг асвяціла такая бліскавіца, што маладая бярозка засерабрылася пад акном. Броўка.

2. Паказацца, вылучыцца сваім серабрыстым колерам. Між дрэў засерабрыўся купал планетарыя.