панто́метр, ‑а, м.
Спец. Лёгкі вугламерны інструмент, які выкарыстоўваецца пры тапаграфічнай здымцы.
[Ад грэч. pan (pantos) — усё і metréō — мераю.]
панто́н, ‑а, м.
1. Пласкадоннае судна, якое служыць апорай для наплаўнога моста або для падтрымкі на вадзе якіх‑н. збудаванняў. У першы рэйс пантонаў, які прадаўжаўся 50 хвілін, было перакінута на заходні бераг 250 байцоў. «Беларусь». Ля самай вады ляжалі непрыбраныя бярвенні — праз раку будаваўся часовы мост на пантонах. Савіцкі. // Наплаўны мост, збудаваны на такіх суднах. Навесці пантон.
2. Спец. Прыстасаванне для падымання суднаў, якія затанулі.
[Фр. ponton.]
панто́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пантонаў; які складаецца з пантонаў. Пантонная рота. □ Пасля фарсіравання Проні нашымі сапёрамі была наведзена цераз водны рубеж пантонная пераправа. «Звязда».
•••
Пантонны мост гл. мост.
панто́флі, ‑яў; адз. пантофель, ‑я, м. і пантофля, ‑і, ж.
Дамашнія туфлі, звычайна без заднікаў. [Свідраль] то лажыўся, то ўставаў і ўзрушана крочыў па пакоі ў мяккіх пантофлях. Дуброўскі. — Ты ж памерай толькі... — хоча ўсунуць Ганьчыну нагу ў пантофель дзядзька. Васілевіч. Нехта згубіў пантофлю, і яна валялася пасярэдзіне калідора. Арабей.
па́нты, ‑аў; адз. няма.
Маладыя, неакасцянелыя рогі высакародных або плямістых аленяў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу лекавых сродкаў. [Алені] высока трымаюць свае прыгожыя галоўкі ў каронах мяккіх сукаваценькіх пантаў. Грахоўскі.
[Манг.]
пантэі́зм, ‑у, м.
Філасофскае ідэалістычнае вучэнне, паводле якога бог атаясамліваецца з прыродай.
[Ад грэч. pan — усё і theōs — бог.]
пантэі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Паслядоўнік пантэізму.
пантэі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да пантэіст.
пантэісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пантэістаў, пантэізму; уласцівы пантэістам, пантэізму. Пантэістычныя адносіны да прыроды.
пантэо́н, ‑а, м.
1. Старажытны грэчаскі або рымскі храм, прысвечаны многім багам. // Агульная назва ўсіх багоў у якой‑н. політэістычнай рэлігіі.
2. Спецыяльнае архітэктурнае збудаванне для пахавання выдатных дзеячоў. Праекты помнікаў і пантэонаў. Рымскі пантэон.
3. перан. Сукупнасць вартых памяці твораў мастацтва або літаратуры, фактаў гісторыі, імён. Наіўнае ўяўленне старажытных грэкаў, якія далі свету класічную паэзію чалавечага дзяцінства, стварылі пантэон герояў і багоў, надзяляючы іх найвышэйшымі якасцямі цела і духу. У. Калеснік.
4. Уст. Назва літаратурных зборнікаў з творамі розных жанраў.
[Грэч. pantheon, ад pan — усё і theōs — бог.]