Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

застая́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які доўгі час прастаяў, не рухаўся (пра каня). Калёсы між тым ужо каціліся па шляху, застаялыя коні ірваліся як не галопам. Лупсякоў.

2. Які страціў свежасць ад працяглай нерухомасці. Застаялая вада. Застаялае паветра. // перан. Закаснелы, нязменны. Гэта быў .. камсамольскі пратэст супраць застаялага патрыярхальнага вясковага быту. Сабаленка.

застая́цца, ‑стаюся, ‑стаішся, ‑стаіцца; зак.

1. Доўга прастаяць без работы, без руху (часцей пра каня). Коні застаяліся, астылі — іх цяжка было стрымліваць. Кулакоўскі.

2. Спыніўшыся, доўга прастаяць на адным месцы (думаючы, разглядаючы што‑н. і пад.). Застаяцца перад карцінай. □ Як прыйшла я на ток малаціць — У задуменні застаялася. Багдановіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Доўга стаяць, не перасыхаючы, не сцякаючы (пра ваду). У каляінах застаяліся брудныя лужыны. Новікаў. // Страціць свежасць, сапсавацца, знаходзячыся доўга ў нерухомасці (пра ваду, паветра). У калодзежы многа вады, але яна застаялася, гнілая. Жычка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Застацца на доўгі час не выкарыстаным. Цікавыя кнігі па паліцах не застаяцца. Летам асвяжальны напітак у магазіне не застаіцца. □ У лясніцтве кут парожн[і] .. Не застаіцца, не згуляе, Паноў к сабе ён прыцягае. Колас.

засто́ены, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і застаялы. Добра бяжыць па прымятай дарозе застоены за ноч конь. Машара. [Веньямін] зайшоў у пакой. У нос дало кіслым, застоеным паветрам. Навуменка.

засто́й, ‑ю, м.

Адсутнасць руху, нерухомасць. Застой крыві. □ Прынікае вецер гарачым тварам да шырокіх, анямелых у сваім адвечным застоі балот. Колас. // перан. Адсутнасць развіцця, удасканальвання. — Самае страшнае, таварышы, калі людзі звыкаюцца са становішчам, якое ёсць. Гэта называецца кансерватызмам, застоем. Шамякін.

засто́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да застаяцца.

засто́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да застою. Застойная вада. Застойны быт.

засто́ліца, ‑ы, ж.

Абл. Тое, што і застолле (у 2 знач.). Зазвінелі чаркі, забразгаў посуд. Застоліца загаманіла, зашумела. Хадкевіч. Дуняха, сціплая і ціхмяная, адмовілася верхаводзіць застоліцай. Ракітны.

засто́ліць, ‑столю, ‑століш, ‑століць; зак., што.

Паслаць столь. Застоліць хату.

засто́лле, ‑я, н.

1. Разм. Месца за сталом, вакол стала. Чачык кіўнуў ад парога ў знак прывітання, накіраваўся да застолля і сеў на другі край лавы, на якой сядзеў і Нетра. Пташнікаў. Гаспадыня падняла на ногі ўсіх сваіх кватарантаў. Людзей набралася поўнае застолле. Гаўрылкін. // Усе тыя, хто сядзіць за сталом. Агрыпіна, седзячы побач з Малашкіным, адчувала настроі свайго застолля. Пестрак. Гамоніць застолле, Мацнее гаворка. Гілевіч.

2. Святочнае частаванне, бяседа. Застолле было не вельмі раскошнае, але шчырае, па-сапраўднаму вясёлае. Савіцкі.

засто́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да застоліць.