Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заключэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. заключаць — заключыць (у 1 знач.).

2. Вывад, суджэнне, меркаванне, зробленыя на падставе чаго‑н. Зрабіць заключэнне. Прыйсці да заключэння. Заключэнне ўрача. □ А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.

3. Апошняя, заключная частка твора, прамовы і пад. Дысертацыя складаецца з уступу, трох глаў і заключэння. □ У заключэнні перадачы выступае калгасная мастацкая самадзейнасць. «Звязда».

•••

У заключэнне — пад канец, заканчваючы што‑н. У заключэнне хор выконваў песню.

заклява́ць 1, ‑клюю, ‑клюеш, ‑клюе; ‑клюём, ‑клюяце; зак., каго.

1. Забіць, прыбіць ударамі дзюбы; задзяўбці. Варона заклявала кураня.

2. перан. Разм. Замучыць нападкамі, прыдзіркамі. «Заклюе чалавека [Рыгор]! Вось наваліўся!» — са злосцю думаў Архіп. Капусцін.

заклява́ць 2, ‑клюю, ‑клюеш, ‑клюе; ‑клюём, ‑клюяце; зак.

Пачаць кляваць.

закляймі́ць, ‑кляймлю, ‑кляйміш, ‑кляйміць; зак., каго-што.

Тое, што і заклеймаваць. Закляйміць дваццаць пнёў лесу. □ З пагардай закляйміў Купала агіднае, паразітычнае жыццё паноў. Івашын.

закля́клы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Анямелы, здранцвелы (пра рукі, ногі і пад.). Старшыня прысеў паміж Мікодымам і Параскаю, працягнуў чырвоныя закляклыя рукі да грубкі. Грахоўскі.

закля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Абл. Анямець, здранцвець (пра рукі, ногі і пад.). Хутчэй інстынктыўна, чым свядома, я ўсхапіўся на ногі, каб пабегчы, нырнуць у гарод, і ў той жа момант паваліўся на зямлю — ад доўгага, нерухомага сядзення ў мяне закляклі ногі, і я не мог на іх стаяць. Сачанка.

закляпа́цца, ‑аецца; зак.

Паддацца заклёпцы, заклёпванню. Вядро добра закляпалася.

закляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. закляпай; зак., што.

Распляскаць канец заклёпкі, шпяня і пад., змацоўваючы імі што‑н., закрываючы якую‑н. шчыліну, дзірку. [Антон] прывычным жэстам схапіў дзве часткі, што разышліся, сціснуў іх з усёй сілы, закляпаў сцёртую трубку. Кавалёў.

заклясці́, ‑кляну, ‑клянеш, ‑кляне; ‑клянём, ‑кляняце; пр. закляў, ‑кляла, ‑ло;

Зак. да заклінаць.

заклясці́ся, ‑клянуся, ‑клянешся, ‑клянецца; ‑клянёмся, ‑кленяцеся; пр. закляўся, ‑клялася, ‑лося; зак.

Адмовіцца рабіць што‑н.; зарачыся.

закля́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, на якога накладзена закляцце; пракляты. Многа было апавяданняў і пра заклятыя грошы. Чорны. Міхал ідзе адзін, пануры, І сам ён хмур, і думкі хмуры, Як гэты лес, снягамі сцяты Як замоўлены, закляты. Колас.

2. Непрымірымы, вечны (пра ворага, праціўніка). Шмат пакуль у смерці памагатых, Ворагаў жыцця заклятых. Зарыцкі. — Хай заклятыя паны На галлі асін пятрэюць! Кляшторны.