заса́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Памяшканне для трымання, развядзення або адкорму жывёл і птушак. Трусіны засад. □ [Суседка:] — Я трымаю пеўня ў засадзе, а ён ужо на продаж пайшоў — Дзе ж гэта ты схапіў яго, галубок? Васілевіч.
заса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Спосаб нечаканага нападу з укрыцця. Наладзіць засаду. □ Дзед Змітрок, які прыйшоў у атрад крыху пазней, спачатку не ўдзельнічаў у засадах. Шчарбатаў.
2. Скрытае месца, якое выкарыстоўваецца для нечаканага нападу на каго‑н., для назірання за кім‑н. Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр. Прылягла.. лісіца, высочваючы з засады здабычу. Лынькоў.
3. Атрад, войска, якія знаходзяцца ва ўкрыцці і гатовы да нападу. Выставіць засаду. Зняць засаду. □ Далёка наперад.. выкідваюцца моцныя групы — засады на шляхах адыходу партызан. Брыль.
заса́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Зал. да засаджваць.
заса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да засадзіць.
засадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. чым. Заняць якую‑н. плошчу пад пасадку раслін. Засадзіць клумбы кветкамі. Засадзіць участак бульбай.
2. Заснаваць што‑н., зрабіўшы пасадку. Засадзіць малады сад. □ Грышаў бацька не толькі вартаваў стары бор, а засадзіў новы лес. Кірэенка.
3. Разм. Пасадзіць куды‑н. прымусова; зняволіць. Думаў Макар — каюк: засадзіць праклятая баба ў турму. Асіпенка.
4. за што і з інф. Разм. Прымусіць займацца чым‑н. Засадзіць за работу. □ На канферэнцыі, як і ў мінулым годзе, Голад засадзіў Кастуся пісаць справаздачу. Прокша.
5. Разм. Засунуць куды‑н. [Вэня] засадзіў руку за бравэрку і абмацаў там рэвальвер. Чорны.
6. Разм. Усадзіць, увагнаць глыбока што‑н. вострае. Засадзіць тапор у калодку. □ — Учора .. знянацку я такі, мусіць, засадзіў стрэмку, і нага мая цяпер аж торгае. Баранавых.
заса́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да засады. Засадны атрад. Засадная група.
засаката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
Пачаць сакатаць. // Азвацца сокатам; прасакатаць. Куры дружна засакаталі і гэтак жа дружна пачалі збіраць.. зярняткі. Рылько. Недзе за лесам засакатала некалькі кулямётаў, і зноў усё сціхла. Шчарбатаў.
засакрэ́ціць, ‑рэчу, ‑рэціш, ‑рэціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць сакрэтным, недаступным для агульнага карыстання, азнаямлення і пад. Засакрэціць дакументы. Засакрэціць вынаходства.
2. Разм. Дапусціць каго‑н. да сакрэтнай работы. Засакрэціць супрацоўніка.
засакрэ́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да засакрэчваць.