заваёўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да заваёўваць.
заваёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заваяваць.
заваёўнік, ‑а, м.
Той, хто заваёўвае што‑н. Людзі, што апынуліся ў няволі, кожную хвіліну калаціліся, — заваёўнік, які страціў усялякае сумленне, рабіў з чалавекам усё, што ён хацеў, ні за што, ні перад кім не адказваючы. Гурскі.
заваёўніцкі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з заходам чужых зямель; захопніцкі. Заваёўніцкія намеры.
заважда́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.
Разм.
1. Пачаць важдацца.
2. Займаючыся чым‑н., затрымацца, заняць многа часу. — Я з хатай зачапіўся. Думаў, за месяц папраўлю, ажно бачыш, як заваждаўся. Алешка. Машына праз паўкіламетра стала, і шафёр падлез пад яе і, лежачы на спіне, заваждаўся з рамонтам. Чорны.
зава́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць важнічаць.
зава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
Разм. Паказаць пры ўзважванні пэўную вагу. Лешч заважыў два кілаграмы.
зава́л, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Мноства чаго‑н. скіданага, зваленага ў беспарадку. На кожным кроку — вялізныя вываратні, завалы. Краўчанка. Каменныя нагрувашчванні сустракаліся ўсё часцей, пераходзілі ў суцэльныя завалы. Шыцік. // Штучная перашкода, мноства наваленых адно на другое дрэў, бярвён і пад. Зрабіць завал на дарозе. □ Праезду не было. Людзі выйшлі прыбіраць завал з пілкамі і сякерамі. Лужанін.
2. ‑а. Тое, што і завала (у 1 знач.). Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам. Зарэцкі.
зава́ла, ‑ы, ж.
1. Прыстасаванне ў форме металічнага стрыжня або палкі для запірання дзвярэй. Жудро і Макарэнка зачыніліся на замок і завалу. Новікаў. Баніфацый імгненна зачыніў дзверы і наклаў завалу. Чарнышэвіч. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй. Краўчанка.
2. Тое, што і завал (у 1 знач.). У гэту ноч яму [Грысю] з Модарам загадана зрабіць завалу на адной важнай дарозе. Кулакоўскі.
3. перан. Лянівы чалавек; лежабок. — Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае. Колас.