Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заўсміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пачаць усміхацца.

заўсягды́, прысл.

Абл. Заўсёды. Я б хацеў цішыні Заўсягды на граніцы, Хай шуміць збажына, Носяць косы сівец. Ляпёшкін.

за́ўтра, прысл.

1. У наступны дзень пасля сягонняшняга. Сягоння субота, а заўтра нядзеля. З нар. песні. Сёння зробіш — заўтра як знойдзеш. Прыказка. // У недалёкім будучым; хутка. Не гавары, кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.

2. у знач. наз. за́ўтра, нязм., н. Наступны дзень за сягонняшнім. Адкласці на заўтра. Закончыць работу да заўтра. // Недалёкае будучае. На нашых вачах расце горад камуністычнага заўтра, які праз некалькі год стане прамысловым раёнам старажытнага Полацка. Грахоўскі. Уздымаліся тосты за гаспадароў,.. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.

•••

Да заўтра — а) да наступнага дня; б) прынятая форма развітання: да сустрэчы ў наступны дзень.

Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра гл. сягоння.

за́ўтрае, ‑ага, н.

Разм. Тое, што і заўтра (у 2 знач.). Не, яна не пойдзе адсюль да заўтрага, як ні цяжка сядзець тут, але яна не пойдзе. Лобан. Ростам гэтых гарадоў, заводаў і электрастанцый будзе адзначана хада ў заўтрае майго пакалення людзей, маіх равеснікаў. Галавач.

за́ўтрашні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да дня, наступнага за сягонняшнім; які будзе або адбудзецца заўтра. Заўтрашні дзень. Заўтрашняе чысло. Падрыхтавацца да заўтрашніх заняткаў. // перан. Які мае адносіны да недалёкага будучага. Заўтрашнія выпускнікі школы. / у знач. наз. за́ўтрашняе, ‑яга, н. — Заўтра заўтрашняе і будзе, Сашка, — сказаў прымірэнча Максім. Машара.

•••

Заглянуць у заўтрашні дзень гл. заглянуць.

Заўтрашні дзень гл. дзень.

заўчара́шні, ‑яя, ‑яе.

Які быў, адбываўся заўчора. Міхасю было непрыемна ўспамінаць пра заўчарашнюю здачу экзамена. Шахавец.

заўча́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць заўчаснага.

заўча́сны, ‑ая, ‑ае.

Які адбыўся, наступіў раней вызначанага часу, раней, чым трэба. Заўчасная смерць. □ Так і не даведаліся .. аб прычынах заўчаснага прыезду каваля з курорта. Лынькоў.

заўчо́ра, прысл.

На дзень раней, чым учора; два дні таму назад. Над возерам, дзе лес кругом Стаіць, вартуючы прыгорак, Мы ўбачылі рыбацкі дом, Людзьмі пакінуты заўчора. Калачынскі.

за́ўшніца, ‑ы, ж.

Запаленне калявушнай залозы; свінка.