Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зафіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

1. Адлюстраваць, адзначыць, перадаць пры дапамозе малюнка, апісання, фатаграфіі і пад. Кантрольны аўтамат-лічыльнік.. зафіксаваў праход нашай машыны. Лынькоў. Зразумела, што пісьмовыя помнікі не зафіксавалі ўсяго багацця канкрэтных разнавіднасцей словазлучэнняў, уласцівых жывой мове. «Весці АН БССР». Усё адбылося на працягу, можа, адной дзесятай хвіліны, але зрок здолеў зафіксаваць гэты момант і ўтрымаць яго ў памяці. В. Вольскі. // (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Замацаваць у памяці, свядомасці. [Аповесць] — кавалак самога жыцця, зафіксаванага ў чэпкай памяці падлетка і праўдзіва, без прэтэнзіі перададзенага на паперы. «Полымя».

2. Затрымаць што‑н. у пэўным становішчы; затрымацца ў пэўным становішчы. Гімнаст зафіксаваў стойку.

3. Замацаваць, апрацаваўшы фіксажам. Зафіксаваць здымак.

зафіласо́фствавацца, ‑ствуюся, ‑ствуешся, ‑ствуецца; зак.

Разм. Захапіцца філасофстваваннем, разважаннямі на абстрактныя тэмы.

зафіласо́фстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; зак.

Разм. Пачаць філасофстваваць.

зафранці́ць, ‑нчу, ‑нціш, ‑нціць; зак.

Разм. Пачаць франціць.

зафрахтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Наняць судна для перавозкі грузу. Зафрахтаваць карабель на навігацыйны сезон.

зафрахто́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да зафрахтоўваць.

зафрахто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зафрахтаваць.

зафы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць фыркаць. // Фыркнуць некалькі разоў запар. Сабака зафыркаў і зноў заскуголіў, ціха, задаволена. Жычка.