засапці́ся, ‑пуся, ‑пешся, ‑пецца; ‑пёмся, ‑пяцеся; пр. засопся, ‑саплася, ‑лося; зак.
Разм. Пачаць цяжка і шумна дыхаць (ад скорай хады, цяжкай хваробы і пад.). Дзед Мікіта толькі што вярнуўся з рыбы. Відаць, ён спяшаўся.., бо моцна засопся. Колас. Алесь прывалок два вялізныя кашы бульбы, засопся, пачаў дзьмухаць на расчырванелыя рукі. Чарнышэвіч.
засарамаці́ць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго.
Разм. Тое, што і засароміць. — Аляксандрава жонка падумала была пагуляць, але мы яе засарамацілі; кінула, дачку гадуе і на сяле благога не гавораць пра нашу сям’ю. Мікуліч.
засаро́мецца, ‑меюся, ‑меешся, ‑меецца і засаро́міцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; зак., каго-чаго і без дап.
Адчуць сорам, няёмкасць перад кім‑н. або за каго‑, што‑н. Дуся пырснула смехам і чамусьці засаромелася — лоб і шчокі яе пакрыліся чырванню. Кулакоўскі. [Жанчыны] ўраз прыціхлі, засароміліся саміх сябе, сваёй нястрыманасці. Шамякін.
засаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; каго.
Выклікаць пачуццё сораму, няёмкасці. Засароміць дзіця. □ Брудная будзённая адзежа, у якой ён быў адзеты, запылены твар .. засаромілі Сёмку. Гартны.
засаро́мленасць, ‑і, ж.
Стан засаромленага. Дзявочая засаромленасць.
засаро́млены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад засароміць.
2. у знач. прым. Які засароміўся; збянтэжаны. Засаромленая, [Нэлька] ніяк не магла падняць галавы. Ракітны.
засары́цца, ‑сорыцца; зак.
Зрабіцца засораным. Страўнік засарыўся.
засары́ць, ‑сару, ‑сорыш, ‑сорыць; зак., што.
Зрабіць засораным. Засарыць трубы.
засарэ́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. засорвацца — засарыцца.
за́саўка, ‑і, ДМ ‑саўцы; Р мн. ‑савак і (радзей) засо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.
Рухомая металічная або драўляная пласцінка на прабоях для запірання дзвярэй. Зачыніць дзверы на засаўку. □ Злева, ля вушака, было маленькае акенца, праз якое.. адмыкалі сені: пацягнеш за вяровачку — і адсунеш жалезную або драўляную засаўку. Дамашэвіч. // Прыстасаванне ў форме шырокай металічнай пласціны, якой закрываюць комін; юшка.